May 15, 2014

Ліст ад Мэры Уэл (Mary Wahl)

Мая сяброўка па іголцы Мэры Уэл ( Mary Wahl) узгадала, што ў мяне ёсьць нагода адзначыцца: 5 год, як я заснавала сваю мастацка-дызайнерскую кампанію "Spirit of Belarus".
Няма ў мяне спецыфічнай даты заснаваньня - усё нараджалася спантанна. Але ўсё ж гэтае пяцігодзьдзе я адлічваю ад таго, як пад гэтым брэндам пачалося маё супрацоўніцтва з часопісам "A Needle Pulling Thread".
А ў Таронтаўскую гільдыю вышвальніц я прыйшла, калі дакладна, не 10, а 9 год таму. Дату буду спраўляць налета (трэба на гэты раз неяк падрыхтавацца ўсё ж ). У 2005 годзе я зьявілася ў Гільдыі. Гэта я дакладна памятаю, бо гэта быў вельмі ўдалы час, бо якраз ў той год, ў травені, Гільдыя прымала ў сябе, у Таронта, штогадовы ўсеканадыйскі Семінар. І я была шчасьлівая бачыць усю "кухню" падрыхтоўкі, а затым мне яшчэ пашэньціла: арганізатыры забыліся запрасіць фатографа, я прапанавала свае паслугі - і вуаля! - я мела пропуск на ўсе падзеі Семінара й нават на заключны банкет! Вось там, на Семінары, падчас шоў-выставы работ сябраў Канадыйскай асацыяцыі вышывальніц, мы з Мэры і пасябравалі: яна была арганізатарам гэнай і наглядальніцай там цягам некалькіх дзён, а я там рабіла здымкі кожнай работы і дапамагала Мэры.
Зрэшты, мушу дабавіць свае падзякі ўсім таваркам па Гільдыі: мне на гэтай выставе на Семінары зрабілі асобны куток-дысплей з маімі работамі пад назвай "Impressions of Belarus" -- вось так яны прынялі "зялёнага новапрыбыша"... Але аб усім гэтым - наступным разам, налета, на дзесяцігодзьдзе...
А сёньня -- ліст-артыкул маёй сяброўкі Мэры, які яна даслала на бізнэс-старонку кампаніі "Spirit of Belarus". Я падаю пераклад на беларускую мову (лінк на арыгінал - ніжэй).
Мушу яшчэ сказаць пару слоў пра аўтара. Мэры Уэл -- майстрыха-дызайнер у вышыўцы, у пэчўорку і вырабленьні лялек. Сябра многіх спецыялізаваных гільдый. Былая старшыня Таронтаўскай гільдыі вышвальніц. Пераможца шматлікіх конкурсаў, уладальніца шматлікіх узнагарод... Я ганаруся сваім сяброўствам з ёй. А сёньня ўдзячна ёй за такі ліст і за тое, што нагадала мне пра мой маленькі юбілей 


www.facebook.com/SoB.designs/posts/464517273651797  

 
"Споўнілася 5 год ад таго часу, як мая сяброўка Ірына заснавала сваю дызайнерскую кампанію "Spirit of Belarus". Дзесяць год таму яна прыйшла ў Таронтаўскую гільдыю вышывальніц. І вось я хачу сказаць некалькі словаў аб ёй -- маёй добрай сяброўцы Ірыне.
Ірына - вельмі творчая асоба. Мяне вабяць ейныя вышыванкі й дызайны, якія заснаваныя на вобразах ейнай роднай беларускай культуры. 
Мы пазнаёміліся зь ёй на паседжаньнях Таронтаўскай гільдыі вышывальніц, калі яна прыйшла да нас. Мы ўдвох пасябравалі, бо я часта падвозіла яе да бліжэйшай станцыі метро. Праз гады было вельмі цікава назіраць, наколькі цудоўна яна палагаецца на сваю нацыянальную спадчыну ва ўсім, што яна робіць. І гэта ўсё негледзячы на тое, што яна так даўно не была на радзіме, нават на візыт.
У травені 2005 на сяброўскай выставе падчас Семінару, які штогод ладзіць Канадыйская асацыяцыя вышывальніц, Ірына прадставіла дысплей са сваімі работамі. Гэта была першая для яе магчымасьць паказаць сябрам Асацыяцыі ды іншым тое, што яна можа рабіць. Гэта былі работы ў стылізаваных дызайнах, заснаваных на нацыянальных арнаментах. Куток з ейнымі работамі настолькі прывабліваў людзей такім кшталтам традыцыйнай этнічнай вышыўкі, дагэтуль невядомай канадыйскім рукадзельніцам. І тады яна вырашыла працаваць цалкам са сваімі нацыянальнымі матывамі. З другога боку, яна прагна хацела навучыцца новым тэхнікам. Такім чынам і нарадзіўся ейны собскі адметны стыль этна-мадэрн: унікальны, прывабны - зусім не падобны на тое, што мы прывыклі бачыць. Ейныя вышыванкі сапраўды прыгожыя! Ейныя чароўныя беларускія дызайны вельмі прыемныя для вышываньня. Вось таму Ірына вырашыла скарыстаць сваё дызайнерскае майстэрсва для таго, каб рабіць схемы для іншых і заснавала сваю кампанію. 
Асабіста я атрымліваю асалоду ад ейных дызайнаў, зробленых у нацыянальным лубочным стылі. Яны заснаваны на старых вобразах і гісторыях, якія для нас ёсьць вельмі незвычайнымі і прывабнымі, бо цікава знаёміцца з новым падчас вышываньня.
А яшчэ Ірына дае класы. Вось напрыклад, у краме "Gitta's", дзе прадаюцца ейныя дызайны. Тут яна рабіла варштаты па ейных дазайнах. У студзені 2014 яна навучала нас, дзённую групу Таронтаўскай гільдыі, як вышываць беларускай тэхнікай "нізанка" на прыкладзе сваіх дызайнаў. Усе былі вельмі задаволеныя гэтым варштатам, у многіх у выніку атрымаліся закончаныя вырабы. Нізанка -- гэта адзін з відаў арнаментальнага выпляценьня на тканіне. Ірына зрабіла нам слайд-шоў, на якім мы ўбачылі такія прыгожыя традыцыйныя беларускія ўзоры, вельмі мудрагелістыя, але насамрэч, робяцца яны проста. Некаторыя зь іх ствараюць аптычны эфект. Такія ўзоры вышываліся на адзеньні, посьцілках, паясах, яшчэ на рушніках, дзе яны гралі сваю ролю ў старажытных язычніцкіх рытуалах і г.д. У гэтай тэхніцы няма вузлоў, а ўзор выглядае слушна з абаіх бакоў.
У дадатак да вышываньня, Ірына яшчэ ёсьць цудоўным фатографам. Я захапляюся ейнымі здымкамі. Ведаю, яна выйграла некалькі прызоў у фатаграфіі. У яе ёсьць сын, ён -- выдатны спартовец-роварнік. Разам з ім ды ягоным роварам Ірына шмат вандруе, здымаючы ўсё на сваім шляху. 
Схемы да Ірыніных дызайнаў ёсьць у продажы. Вы можаце іх знайсьці на ейным веб-сайце ды ў двух ейных он-лайн крамах.

Мэры Уэл (Mary Wahl)
2 травеня 2014.
https://www.facebook.com/SoB.designs/posts/464517273651797

No comments:

Post a Comment