September 20, 2018

Намітка. Усе зоркі ў нашых руках

Намітка
Усе зоркі ў нашых руках

Што вы адчуваеце, калі надзяваеце нацыянальны строй? 
Я, напрыклад, у сваёй вышыванцы і андараку ўжо не магу стаяць, што тая целяпуха апоўзлая, паўсядзённая. Не, я ўжо падцягваю спіну, плечы... аблямоўка вымагае. А тым больш, у намітцы? Го, гэта ж ужо – карона на галаве! Усё, - якая там царэўна, не.. Каралева!
Мае сябры, з заходнім металітэтам, маняцца ўбачыць тут анёла (от, любяць яны іх). Не-не-не, кажу я ім. Яны тут ні пры чым. Калі я стварала гэты вобраз, я думала аб птушцы. Я думала, а што птушка робіць паперш, як узляцець? – А яна робіцца - гордай!

Пра зоркі, што ў нашых руках :). Ну, дык вось яны – сыплюцца з неба, леаніды, .. кладуцца на нашыя рушнікі, наміткі, кашулі...
Вось першая злева, гэта – зорка Алатыр. Жменя пачаткаў і канцоў коласвету. Сусвет.
Наступная зорка – гэта Сонца. За ім – Ярыла, сын Сонца. І апошняя зорка – зорка нашых Дзядоў. Якія верылі, што вядуць род ад Ярылы...

Гэта ўсё, што я хацела сказаць сваёй работай.

Вельмі даўно хацела яе зрабіць, але гэта доўгая гісторыя з абяцанкамі маёй сяброўцы па іголцы Марыі Голек (Maria Golek) зрабіць беларускую мадону да ейнай калекцыі інтэрнацыянальных мадон... :) Але... цякучка... рукі не даходзілі... дый мадона ўсё яшчэ наперадзе…)

Чаму ўрэшце рэшт узялася? Гэтай работай - і спадзяюся яшчэ новымі - я пачынаю сёлета святкаваць 10-гадовы юбілей сваёй студыі “Spirit of Belarus. 

Была спяшалася зрабіць яе да Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі. ..зрабіла, так...
Вось цяпер – усё.

*Матэрыялы – лён. Ніткі - у асноўным шоўк. Плюс віскоза, бамбук, металік/люрыкс, каралікі.
Усе адцені белага :)
**Тэхніка - чорным-па-белым (blackwork), нітаграфіка (needlepoint, canvaswork).

Шкада, фатаграфія ніколі не перадае шыку і бляску вышыванага металіку і шоўку.


**** In English - on my website, on Facebook


UPD
Верш паэта Сяргея Панізніка 

"Усе зоркі ў нашых руках"
          Прысвячаецца Ірыне Варабей -- 
           мастаку-дызайнеру вышыўкі

“Зьедкі-сьпіткі” ў печ. Наміткі
на плячах, на пазванках…
Не іскрыны ад Ірыны, –
з о р к і   бачу на руках.
     Створаны народны строй – 
     нацыя-істотны.
     Аж трапеча за гарой
     Мацярык паходны!
Бо не ў строй я стаў, – у шэраг.
Ажно герб на галаве:
там не стала думак шэрых.
Беларусь наўкруг жыве!
     На рушнік мой, на намітку
     Зорка Алатыр лягла.
     Утрымаў Ярыла нітку,--
     і Дзядам усім  -- хвала!
Я ў Сусвеце быў ў купелі.
Птахі – творчасці ткачы,
бо з Ірынаю прапелі:
– Можна ўсё ў жыцці змагчы!"
                           8.03.2019




1 comment:

  1. This comment has been removed by a blog administrator.

    ReplyDelete