October 20, 2015

Пра таронтаўскі фестываль, восеньскі настрой і беларускую нізанку

Прайшлі два дні, а я ўсё яшчэ не магу вызначыцца з назвай таго стану, у якім нечакана апынулася на працягу апошняга Фестывалю... Урэшце знайшла. Сёньня сябар Алесь Кот пажадаў мне ў народзіны “шчасьця праз радасьць бачаньня вынікаў сваёй працы”.
 --------------------------------------------
 ...Фестываль падыходзіць да заканчэньня, я вяду гамонку з сёняшняй партнёркай па буціку Джудзіт (якая, зманьваючы мінакоў да майго дысплэю з "геніяльнай" тэхнікай, міжчасам ладзіць мне суцэльнае інтэрвю: а раскажы ты мне, ты робіш спачатку схему, альбо ты потым зарысоўваеш тое, што навышывала..?), мы назіраем праз вялізнае вакно за надыходам чорнай хмары,  а я адчуваю незразумелую, даўно забытую, нейкую юнацкую ўзнёслую радасьць і намагаюся здаць сабе справу, адкуль яна... Бо насамрэч, я – стомленая, што той выціснуты лімон. Гэтая мітусьня падрыхтоўкі да Фестывалю, мандраж перад класам, да гэтага я колькі месяцаў была занятая напісаньнем “Туторыяла” па нізанцы, і яшчэ сьпяшалася да дэдлайну з тым Ружавым праектам Канадыйскай асацыяцыі – так усё навалілася... ну як заўсёды, зрэшты. У мяне мусіць быць цяпер звычайны пост-стрэсавы падзёж – а мне чамусьці так хораша!

Ну, не толькі ж таму, напэўна, мне так добра (вось і Джудзіт пра гэта кажа), што сёлета Фестываль выбраўся з паўднёвага, у чатыры паверхі долу, будынка ў будынак паўночны на апошні паверх, дзе ўся паўночная сьцяна і палова страхі – шкляныя! Так паветрана, атмасферна сёньня нам тут!

Я думаю аб тым, што гэтта ж Фестываль зрабіўся для мяне прывычным, амаль руцінай. Я прыходжу сюды, чапляю беджык, машу-ўсьміхаюся кантралёрам, якія і так ўжо ведаюць мяне ў твар, вітаюся са знаёмымі – у мяне іх шмат за гады, абдымаюся з сябрамі – якія шчыра мне радыя, мы жартуем, рагочам...  Усё мне тут знаёма, усюды я – свая... Руціна – але яна такая мне прыемная, менавіта таму, што – руціна :) 
... Хто б тады сказаў, 15 гадоў таму, калі я першы раз сюды трапіла... Я захлынулася тады ад зьдзіўленьня, захапленьня! Мне здавалася, я апынулася ў чароўным сьвеце з казачнымі карцінамі, з незвычайнымі, нябачаннымі дзеямі... з жывымі мастакамі, якіх можна ўбачыць тут, побач. Памятаю, я працісківалася праз натоўп, каб сказаць “хэло” сваёй улюбёнай дызайнерцы, і можа, калі ўдасца, паведаміць ёй, што я вышыла два ейных дызайна! Яна мне ўсьміхалася, вітала, пагаварыла са мной – і гэта было такім дзівам!
... А ж гэтта цяпер, я сама па гэты бок буціка, і наведвальніцы імкнуцца паразмаўляць са мной, расказаць пра свае посьпехі, паціснуць руку...
Як, зрэшты, я люблю цябе, Фестываль! Люблю гэтую ўзнёслую, дабразычлівую атмасферу. Тут во захапляльныя воклікі аб убачаным шэдэўры, там – купка з пэчўоркам у руках перамаўляецца, дзеліцца “сакрэтамі” й “штучкамі”. І увесь час -- жарты й рогат -- то тут, то там (гэта толькі непасьвячоным людзям падаецца, што вышываньне – нудная, маркотная справа; але мы з вамі ведаем...  хранім тайну, які гэта “біг фан”! Канадыйскія майстрыхі голак – тыя ўвогуле гарэзы-весялухі :)

Не, здаецца, і гэта яшчэ не галоўная прычына, чаму мне сёньня так радасна...

Еду дахаты з Фестывалю, цягну свой адвечны “куфар” па каменных джунглях таронтаўскага даўнтаўну да метро, на дварэ зімна, даждліва, у метро таўкатліва – а ў мяне ўнутры нешта ўсё пяе, прытанцоўвае, пэўна і з дурнаваценькай усьмешкай на вуснах – ну, чыста як ў юнацтве, калі ты вось толькі што закахалася і цябе кахаюць...

Гэта быў мой першы клас на Фестывалі. Я да гэтага рабіла пару варштатаў, але ў прывычным, сваім асяродку. Рабіла і “дэмо” з навучаньнем для выпадковых мінакоў Фестывалю. Але клас на Фестывалі – гэта ўжо іншы ўзровень. Па-першае, ты атрымліваеш ганаровы тытул “teacher” (выкладчык). Па-другое, клас платны – то бок, навучэнцы плоцяць грошы, і немалыя, за яго. Клас уводзіцца ў расклад Фестывалю за паўгады ці болей, расклад класаў рэклямуецца ва ўсіх магчымых сродках. Адказнасьць. Усяго гэтага было мне, невыпраўнай баяке, дастаткова для таго, каб адмаўляцца ад яго, колькі б мне яго ні прапаноўвалі. 

Я ўвогуле не люблю навучаць (як вышываць, вязаць і т.п.). Для мяне гэта нешта кшталту, як птушка пачала б навучаць лётаць чарапаху: ну, гэта ж так проста – уздымі крылы... дзе крылы?.. няма?.. шо, я за цябе махаць мушу?..
Не-не-не, я люблю самоту, ціхі працэс сумоўя з ніткамі, ці рысаваньня-складаньня пазлаў-схемак – выцягнуць ногі, кубак кавы побач, можна якісь лёганькі “дзюдзік” (дэтэктыў) на экран... Толькі студэнтаў мне тут ня трэба. Дык вось, я не люблю навучаць нават на роднай мове, а тут яшчэ на чужой, дзе ў мяне ці то са ступару, ці то з узросту (здагадайся, чаго больш) усе патрэбныя зараз і пазарэз словы з галавы навылёт.  
Я дала слабіну толькі таму, што гэта была Карліна ідэя “зрабіць новы фармат з нашых дэмо” дзеля сьвяткаваньня 10-годзьдзя ейнага часопіса. Часопіса, які вывеў мяне ў людзі. “Гэта ж нічога новага для цябе, будзеш рабіць тое ж, што і цяпер рабіла. Адная розьніца, што ў асобным (як паложана) пакоі”.
Ага, у асобным пакоі – зачынілі дзьверы, і ты сам-насам з прагнымі вачыма гэных студэнтаў...

Я ўжо пашкадавала ад самага пачатку гэтай змовы: адміністрацыя заваліла мяне паперамі, якія я мусіла запаўняць умомант і адпраўляць назад. А паперы – гэта ж для мяне яшчэ адна засада.
Што праўда, супакойвала тое, што ў мяне ўжо быў досьвед, я ведала,  што і як буду рабіць, гатовыя былі і схемы, і матэрыялы – я прайшла ўжо шлях да спрошчваньня сваёй праграмы навучаньня (я навучала людзей, і вучылася ў іх, як прасьцей іх навучаць). Нават слайд-шоў у мяне быў гатовы, што была падрыхтавала яшчэ для сваёй Таронтаўскай гільдыі.
Я ўсё роўна заўсёды нярвуюся. А вы – не? ...Зрэшты, я другі раз ужо пайду куды сьмялейшая: досьвед супакойвае. Так, я вырашыла, буду зноў даваць класы, але ня з гэтай прычыны, як вы падумаеце. Але пра яе далей...

Пасьля варштату, напрыканцы таго ж дня я мела размову з Карлай аб сваім класе ды аб класах увогуле. Мне падалося тады, што гэта неяк несправядліва ў вадносінах да тых, хто прыйшоў у клас, што яны мусяць плаціць за тое ж самае, што я паказваю і навучаю проста ў буціку ў якасьці “дэмо”. Я пачувалася няёмка і меркавала, што больш ня буду даваць класы. Карла між іншага сказала мне тады: “...за гэта яны і гатовыя плаціць, каб пабачыць цябе, узяць ад цябе лекцыю, пасумоўнічаць з табой, дакрануцца да жывога дызайнера, урэшце рэшт...”

На наступны дзень я вярнулася да размовы й сказала Карле, што цалкам зьмяніла сваю думку.
Сапраўды, удома, без мітусьні, я перабрала ў памяці ўвесь мой “класны” дзень і шмат што прааналізавала.

С першых хвілін класа я пачала адчуваць розьніцу. Да мяне прыйшлі людзі цалкам незнаёмыя. Прышлі яны чыста па абвестцы ў рэклямках. Яны ня ведалі ні мяне, не бачылі ніколі тае нізанкі, ні рэчаў, вырабленых  ёю. І адразу захапілі мяне сваёй цікаўнасьцю! Яшчэ да пачатку, пакуль я прыладжвала свой лаптоп для прэзентацыі і слайд-шоў, пасыпаліся пытаньні. Вы толькі ўдумайцеся, ШТО яны пыталіся!
“Вось вы гаворыце, што гэта – старажытная тэхніка. А гэта праўда, што Беларусь мае тысячагадовую гісторыю?”
“А вось у беларускіх арнаментах шмат сымбаляў. А гэтыя два колеры, што спрэс бачым, белы і чырвоны, што-небудзь таксама значаць?”
У мяне адвальвалася ськівіца. ......!!!......
Гэта азначала, што яны да класу зрабілі нейкія свае вышукі, хутчэй за ўсё ў інтэрнэце, магчыма наведвалі мае рэсурсы ў сеціве – здабывалі інфу аб тым, чаго яны хочуць навучыцца. Рыхтаваліся. Гэта ўжо зусім іншая катэгорыя людзей, чым тая, што прабягае міма па шэрагах фестывалю і спыняецца выпадкова на нешта незвычайнае, яркае. І потым гэтак ж выпадкова пра тое забывае.
Гэтых людзей было прыемна навучаць. Ад пачатку, яны з тымі прагнымі вачыма згрувазьдзіліся вакол майго лаптопа, паселі на падлозе (наступны раз трэ будзе ўказаць, што мне патрэбны праектар і экран),  лавілі кожнае слова, падказвалі мне, калі я запіналася. Прыёмы вышываньня яны схоплівалі з лёту, ня трэба было кожнаму тыкаць пальцам, я ў адным канцы пакою паказваю, у іншым – ужо ва ўсім разабраліся на слых з тлумачэньняў. Усе закончылі сваю мадэль, давялося паказваць ім яшчэ “штукі-трукі”. А яны і самі ўжо падкідвалі новыя ідэі. Часу падалося мала. Хацелася сумавацца яшчэ...
На разьвітаньні ў маёй ськівіцы зноў была нагода адваліца – мала што яны шчыра выказвалі сваё захапленьне і самім вышываньнем, і маім выкладаньнем, яны пачалі прасіць мой аўтаграф на схемы, якія забіралі з сабой. :)
Я пагадзілася, што Карла мела рацыю. Гэтыя людзі – зусім іншай накіраванасьці. Яны настолькі выявіліся зацікаўленымі гэтай тэхнікай – “беларускай нізанкай”, што сапраўды гатовыя плаціць добрыя грошы, каб даведацца падрабязьней, мець поўную прэзентацыю непасрэдна ад дызайнера, пагутарыць з ім, памацаць жывога ўрэшце рэшт. Гэта мяне вельмі ўразіла.

Гэта надае мне надзеі, што ў нізанкі зьявяцца пастаянныя аматары, прыхільнікі, адэпты, урэшце рэшт. І можа, нават яшчэ новыя дызайнеры.
І гэта значыць, што тэрмін “BELARUSAN Nizanka” замацуецца цалкам у ангельскай і міжнароднай тэрміналогіі. Гэтак жа, як Swedish Weaving, Norwegian Hardanger, Ukrainian Merezhka. 
Менавіта гэта і грэе мне душу. Бо пайду я, забудуцца мае дызайны. Згубяцца і тыя мае вышыванкі, што зроблены ў нізанцы. А тэрмін застанецца навек.

Што яшчэ... У скарбонку майго настрою пасыпаліся тады і іншыя падзеі на Фестывалі.
Сяброўка па Гільдыі дызайнераў Марыя, якой я была плакалася ў камізэльку, як я не хачу класа, потым кажа: “Ты зрабіла гэта! І зрабіла добра!” Я махнула рукой. “Не-не, я ведаю, што кажу. Тыя студэнткі, што былі ў цябе, потым былі і ў маім класе. Надта хваліліся ўражаньнямі і захапленьнямі”.

Размова з кіраўнічкай па буціку Канадыйскага таварыства вышывальніц Ніколь. Кажа, будзем на наступны год рабіць вялікі “бум” тваёй тэхніцы. Давай, у нашым буціку зробім “дэмо”. І яшчэ дамо табе цэлы стол для прэзентацыі тваіх работ. І ў Таварыскім часопісе адмецім тваю тэхніку. Падрыхтуй маленькі, просты дызайн. І на ўсіх сецевых рэсурсах раскідаем спасылкі на твой “Туторыял”...

Ах, так... “Туторыял”. Я напісала падрабязны “курс маладога байца”. Па ім можна цалкам навучыцца без выкладчыка. З ім зрабіўся нейкі нечуваны для мяне “выбух інтэрнэту”: не пасьпела выкласьці ў сеціва, як пачаліся шалёныя спампоўваньні з розных куткоў сьвету.

Вось яно тое, што надае мне радаснага настрою, нягледзячы на стому, кепскае надвор’е, мітусьню гарадоў...
Беларуская нізанка, калі яшчэ не набыла вялікую папулярнасьць (пакуль што), але ўжо робіцца вядомай. Значыць, цалкам прапішацца ў заходнім вышывальным доме і будзе тут жыць!

Як ты там, Алесь, казаў..? “Шчасьце праз радасьць бачаньня вынікаў сваёй працы”...

Зямля мая ня ў крыўдзе будзе, што я пакінула яе.

Нешта я сёньня разверзлася тэкстам...  Ну, некалькі месяцаў пісаніны па-ангельску... спісалася ўшчэнт... змаглася... Родная мова - як рассол з пахмельлю.. )))

19.10.2015
Таронта







May 17, 2014

Трэці шлях

Таронта, 2007 г.

"...Калі хочаш нечага папрасіць у Бога -- маеш розныя шляхі да Яго. Па-першае, можаш схадзіць у царкву ды памаліцца. Па-другое, можаш запаліць грамнічную сьвечку; і пакуль агонь гарыць -- маеш час для звароту да Яго... Але ёсьць яшчэ адзін шлях. Наш пракаветны, з даўняе даўніны. Складзі свой ліст да Яго. Не, ня літарамі і не алоўкам. Вазьмі голку з ніткай - і вышый. А замест словаў -- узоры. Усё пра ўсё у тых узорах ёсьць... "
 
    Гэтак некалі прыгаворвала мая бабуля, калі навучала мяне складаць з вышываных крыжыкаў ды ромбікаў узоры, а з узораў -- свае лісты да Бога і гэткім магічным чынам наладжваць сваю повязь з духовым сусьветам.
А можа, і не мая бабка... А можа, і ня мне... Можа, маёй бабцы ейная бабка, калі тая яшчэ была маленькай... А можа, іншая бабка ды ў іншае стагодзьдзе... Можа, гэткім чынам мільёны нашых бабак з века ў век перадавалі наступным пакаленьням сваю няхітрую мудрасьць.

'Дабраславенне'. Нітаграфіка
    Беларусы -- адзіная нацыя ў Эўропе, якая захавала старажытнае сымбалічнае пісьмо, пераклаўшы яго ў вышывальныя арнаменты. Сымбалі, захаваныя ў беларускіх вышыванках, былі агульнымі для эўрапейскага супольніцтва (падобныя ўзоры сустракаюцца і на Ўсходзе і нават на амерыканскім кантыненце), але адно беларусы помняць, што яны азначаюць. З пакаленьня ў пакаленьне, праз веру ў тое, што вышыўка ёсьць магічнай дзеяй, што вышываныя ўзоры -- гэта нашыя лісты ў духовы сусьвет, яны перадавалі значэньне старажытных сымбаляў...
    Беларусы ўважаюць сябе за вышывальніцкую нацыю. І па праву ганарацца сваімі вышывальнымі здабыткамі перад ўсім сьветам. Вышыўка адыграла такую важкую ролю як у матэрыяльным, гэтак і ў духоўным развіцьці нацыі, што сталася нават брэндам нашае культуры, адметнасьць якога не змаглі зьняважыць нават камуністычныя ўлады, знайшоўшы яму месца на дзяржаўным беларускім сьцягу.
Схема для вышыўкі крыжыкам
    І як гэта ні парадаксальна, але сучасныя беларусы ганарацца сваім брэндам, дзеля якога так шчодра напрацавалі продкі, самі ж для ягонага разьвіцьця нічога ня робячы. Беларуская вышыўка неаглядна адстала ў той частцы ўсясьветнага выяўленчага мастацтва, якім сёньня зьяўляецца сучаснае рукадзельле. Я гэта кажу, бо, знаходзячыся тут, на амерыканскім кантыненьце, які можна лічыць цэнтрам сучаснага вышывальнага мастацтва, бачу, якога ўзроўня дасягнула гэтая справа тут. Гэта ня толькі майстэрства ды разнастайнасьць саміх работ. Я па-добраму зайздрошчу дзейнасьці Амерыканскай ды Канадыйскай асацыяцый вышывальніц: у іх і гільдыі, і семінары, і фестывалі, конкурсы, часопісы, вэб-сайты, майстар-класы, (дадам яшчэ і Каралеўскі цэнтар вышыўкі ў Англіі са сваім Каледжам і прыдворнымі вышывальніцамі), інфармацыйныя банкі стыляў і тэхнік з усяго сьвету -- і у рэшце рэшт, якое багатае й цікавае творчае жыцьцё ў тутэйшых вышывальніц! Тым больш, што для занятка вышыўкай ня трэба спецыяльнага таленту -- якое ж гэта дэмакратычнае мастацтва, самы просты спосаб рэалізацыі сваіх творчых памкненьняў! -- любая аматарка можа худа-ладна вышыць для сябе, калі не хапае здольнасьці на прыдумваньне, любы узор па схемах, распрацаваных для ейных паслуг вялікадушнымі дызайнерамі. 
'Берагіня'. Інструкцыя і схема вышыўкі беларускай нізанкай.
І рэклама кампаніі ''Spirit of Belarus''

    Я гэтак жа, як і ўсе, некалі пачынала вышываць па чужых схемах. Аж пакуль мяне як беларуску не зачапіў той факт, што сярод незьлічоных схемаў у крамах між віктарыянскіх, індзейскіх, афрыканскіх, кітайскіх, японскіх, нават расейскіх і шмат іншых матываў няма толькі беларускіх. А што ж павышываць беларусцы? Дзе яны -- лёгка-пазнавальныя беларускія матывы, распрацаваныя для вышыўкі майстэрскай рукой сучаснай дызайнеркі? Такія, каб любая Дональдзіха-Макдональдзіха ў краме магла ледзь кінуўшы вокам сказаць: "А, ведаю... гэта – беларускае", і зрэшты набыць яго, спакусіўшыся на цікавую наватарскую тэхніку. 

    Дый а якія яны -- беларускія матывы наагул?

    Тут, напэўна, я мушу зрабіць невялічкі адступ, каб удакладніць сваю думку ангельскім словам імідж. Вы пагодзіцеся сам мной, што для кожнае краіны (культуры, этнаса) склаўся ў сьвеце вобразна-мастацкі імідж. Вось глядзіце. Што на розум прыходзіць чалавеку, калі чуе слова “Японія”? Пэўна ж, галінку сакуры, дзяўчыну з веерам ў даўгаполым капялюшы, дліннай квятастай сукенцы. Нехта ўзгадае маляванкі баціка, нехта – яшчэ вершы хоку. А пры слове – “Перу”? Ага: шчымлівую мелёдыю, вялізнае пончо,  і яшчэ больш шырачэзны капялюш. Пры слове “Кітай” памяць кожнага абпальваюць чырвона-залатыя цмокі. Прыклады можна прыводзіць столькі доўга, колькі ў сьвеце набярэцца краін.  
'Грамнічная сьвечка'.
Тэхніка ''хардангер''
    Дык а што ж Беларусь? Што ва ўсім сьвеце людзі згадваюць пры слове Беларусь? ...Мы, эмігранты, вельмі добра ведаем, што... Так-так, Беларусь згубілася недзе на прасторах неагляднай Эўропы -- маленькая невядомая краіна памерам з метраполію Англію з загадкавай культурай, векам са старажытную індускую... 
    Сорамна прызнацца, але, пэўна, гэта і добра, што на амерыканскім кантыненьце ўсё яшчэ ня ведаюць, якая такая вышывальніцкая нацыя са сваім ганаровым брэндам існуе ў сьвеце. Бо ў іншым выпадку нам давядзецца прадставіць на пахвальбу свае дасягненьні -- павыцягваем з куфраў прабабкіны "крыжыкі" ды "гладзі"... і што ж? ...А нам скажуць: "Та цю-у-у.... крыжыкі мы ўжо бачылі, гэтак яшчэ нашыя бабці вышывалі. Пакажыце, што ў вас новенькага. Мо ў вас новае "баргела" ёсьць? А мо ў "белым-па-белым" якась па-хітраму дзіркі робіце? А мо завітастыя якісь швы ў "чорным-па-белым" маеце? Што ў вас адметнага? Дзе вашыя сучасныя творы?"
    Бадай, я тут мушу зноў адступіцца ды зрабіць-такі ніжэйшы паклон нашым прабабкам. Ведалі, ці ня ведалі яны, які знакавы закід у будучыню зрабілі, гэтак упарта зьберагаючы вышываньнем старажытнае сымбалічнае пісьмо ды назапасіўшы ім тыя куфры, каб была патомкам нагода вышывальніцкай нацыяй звацца. Здаецца, праўда, маркотна цяпер іхным душам у нябёсах глядзець на тое, як мы іхную традыцыю ўзялі раптам ды кінулі. Але гэтае рунічнае пісьмо, захаванае ў па-мастацку гарманічных арнаментах рукамі простых сялянак, -- і можа стацца тым адметным, што мы можам выкарыстаць для стварэньня ўстойлівага, лёгка-пазнавальнага беларускага іміджа. 

     Вышывальніцкі сьвет даўно ўжо перажыў выдаткі "навуковага й тэхнічнага ХХ стагодзьдзя", што моцна быў ляпнуў па руках рукадзельніц сваім прагрэсам. Рукадзельніцы Захаду, зьяднаўшыся і разам захаваўшы адданасьць любімаму занятку, узроўнем свайго майстэрства, віртуознасьцю тэхнік, разнастайнасьцю ды прагажосьцю сваіх работ далёка пераасягнулі машынную вытворчасьць, давёўшы права вышываньню (ды й іншым відам рукадзельля) заняць пачэснае месца сярод ужо не рамёстваў, але -- высокага мастацтва. 
Улётка дызайнерскай кампаніі ''Spirit of Belarus''

     Мае работы -- гэта толькі спроба правесьці першую выведку ў гэтым моры сучаснага вышывальнага мастацтва, улучыць у яго беларускую адметнасьць, каб сьвет яе заўважыў, ацаніў, прыняў у сваю супольнасьць. Я ведаю, што за мной прыдуць іншыя, больш таленавітыя, творчыя, маладыя й дзёрзкія -- і давядуць сьвету, што вышывальніцкая Беларусь жыве! Ёй ёсьць што паказаць: вытанчаныя па прыгажосьці, фантастычныя па складанасьці, мудрагелістыя ды загадкавыя, і ў той жа час асьвечаныя ўсім духоўным жыцьцём нашых продкаў -- нашыя беларускія арнаменты. Тут бязьмежнае поле для дасьледаваньняў навукоўцам, а нам, мастакам -- для натхненьня ды рэалізацыі сваіх творчых памкненьняў. Давайце падымем наш брэнд так высока, каб яго сапраўды было відаць адусюль!

     Я ўжо пачала.

Toronto, 2007

  

May 15, 2014

Ліст ад Мэры Уэл (Mary Wahl)

Мая сяброўка па іголцы Мэры Уэл ( Mary Wahl) узгадала, што ў мяне ёсьць нагода адзначыцца: 5 год, як я заснавала сваю мастацка-дызайнерскую кампанію "Spirit of Belarus".
Няма ў мяне спецыфічнай даты заснаваньня - усё нараджалася спантанна. Але ўсё ж гэтае пяцігодзьдзе я адлічваю ад таго, як пад гэтым брэндам пачалося маё супрацоўніцтва з часопісам "A Needle Pulling Thread".
А ў Таронтаўскую гільдыю вышвальніц я прыйшла, калі дакладна, не 10, а 9 год таму. Дату буду спраўляць налета (трэба на гэты раз неяк падрыхтавацца ўсё ж ). У 2005 годзе я зьявілася ў Гільдыі. Гэта я дакладна памятаю, бо гэта быў вельмі ўдалы час, бо якраз ў той год, ў травені, Гільдыя прымала ў сябе, у Таронта, штогадовы ўсеканадыйскі Семінар. І я была шчасьлівая бачыць усю "кухню" падрыхтоўкі, а затым мне яшчэ пашэньціла: арганізатыры забыліся запрасіць фатографа, я прапанавала свае паслугі - і вуаля! - я мела пропуск на ўсе падзеі Семінара й нават на заключны банкет! Вось там, на Семінары, падчас шоў-выставы работ сябраў Канадыйскай асацыяцыі вышывальніц, мы з Мэры і пасябравалі: яна была арганізатарам гэнай і наглядальніцай там цягам некалькіх дзён, а я там рабіла здымкі кожнай работы і дапамагала Мэры.
Зрэшты, мушу дабавіць свае падзякі ўсім таваркам па Гільдыі: мне на гэтай выставе на Семінары зрабілі асобны куток-дысплей з маімі работамі пад назвай "Impressions of Belarus" -- вось так яны прынялі "зялёнага новапрыбыша"... Але аб усім гэтым - наступным разам, налета, на дзесяцігодзьдзе...
А сёньня -- ліст-артыкул маёй сяброўкі Мэры, які яна даслала на бізнэс-старонку кампаніі "Spirit of Belarus". Я падаю пераклад на беларускую мову (лінк на арыгінал - ніжэй).
Мушу яшчэ сказаць пару слоў пра аўтара. Мэры Уэл -- майстрыха-дызайнер у вышыўцы, у пэчўорку і вырабленьні лялек. Сябра многіх спецыялізаваных гільдый. Былая старшыня Таронтаўскай гільдыі вышвальніц. Пераможца шматлікіх конкурсаў, уладальніца шматлікіх узнагарод... Я ганаруся сваім сяброўствам з ёй. А сёньня ўдзячна ёй за такі ліст і за тое, што нагадала мне пра мой маленькі юбілей 


www.facebook.com/SoB.designs/posts/464517273651797  

 
"Споўнілася 5 год ад таго часу, як мая сяброўка Ірына заснавала сваю дызайнерскую кампанію "Spirit of Belarus". Дзесяць год таму яна прыйшла ў Таронтаўскую гільдыю вышывальніц. І вось я хачу сказаць некалькі словаў аб ёй -- маёй добрай сяброўцы Ірыне.
Ірына - вельмі творчая асоба. Мяне вабяць ейныя вышыванкі й дызайны, якія заснаваныя на вобразах ейнай роднай беларускай культуры. 
Мы пазнаёміліся зь ёй на паседжаньнях Таронтаўскай гільдыі вышывальніц, калі яна прыйшла да нас. Мы ўдвох пасябравалі, бо я часта падвозіла яе да бліжэйшай станцыі метро. Праз гады было вельмі цікава назіраць, наколькі цудоўна яна палагаецца на сваю нацыянальную спадчыну ва ўсім, што яна робіць. І гэта ўсё негледзячы на тое, што яна так даўно не была на радзіме, нават на візыт.
У травені 2005 на сяброўскай выставе падчас Семінару, які штогод ладзіць Канадыйская асацыяцыя вышывальніц, Ірына прадставіла дысплей са сваімі работамі. Гэта была першая для яе магчымасьць паказаць сябрам Асацыяцыі ды іншым тое, што яна можа рабіць. Гэта былі работы ў стылізаваных дызайнах, заснаваных на нацыянальных арнаментах. Куток з ейнымі работамі настолькі прывабліваў людзей такім кшталтам традыцыйнай этнічнай вышыўкі, дагэтуль невядомай канадыйскім рукадзельніцам. І тады яна вырашыла працаваць цалкам са сваімі нацыянальнымі матывамі. З другога боку, яна прагна хацела навучыцца новым тэхнікам. Такім чынам і нарадзіўся ейны собскі адметны стыль этна-мадэрн: унікальны, прывабны - зусім не падобны на тое, што мы прывыклі бачыць. Ейныя вышыванкі сапраўды прыгожыя! Ейныя чароўныя беларускія дызайны вельмі прыемныя для вышываньня. Вось таму Ірына вырашыла скарыстаць сваё дызайнерскае майстэрсва для таго, каб рабіць схемы для іншых і заснавала сваю кампанію. 
Асабіста я атрымліваю асалоду ад ейных дызайнаў, зробленых у нацыянальным лубочным стылі. Яны заснаваны на старых вобразах і гісторыях, якія для нас ёсьць вельмі незвычайнымі і прывабнымі, бо цікава знаёміцца з новым падчас вышываньня.
А яшчэ Ірына дае класы. Вось напрыклад, у краме "Gitta's", дзе прадаюцца ейныя дызайны. Тут яна рабіла варштаты па ейных дазайнах. У студзені 2014 яна навучала нас, дзённую групу Таронтаўскай гільдыі, як вышываць беларускай тэхнікай "нізанка" на прыкладзе сваіх дызайнаў. Усе былі вельмі задаволеныя гэтым варштатам, у многіх у выніку атрымаліся закончаныя вырабы. Нізанка -- гэта адзін з відаў арнаментальнага выпляценьня на тканіне. Ірына зрабіла нам слайд-шоў, на якім мы ўбачылі такія прыгожыя традыцыйныя беларускія ўзоры, вельмі мудрагелістыя, але насамрэч, робяцца яны проста. Некаторыя зь іх ствараюць аптычны эфект. Такія ўзоры вышываліся на адзеньні, посьцілках, паясах, яшчэ на рушніках, дзе яны гралі сваю ролю ў старажытных язычніцкіх рытуалах і г.д. У гэтай тэхніцы няма вузлоў, а ўзор выглядае слушна з абаіх бакоў.
У дадатак да вышываньня, Ірына яшчэ ёсьць цудоўным фатографам. Я захапляюся ейнымі здымкамі. Ведаю, яна выйграла некалькі прызоў у фатаграфіі. У яе ёсьць сын, ён -- выдатны спартовец-роварнік. Разам з ім ды ягоным роварам Ірына шмат вандруе, здымаючы ўсё на сваім шляху. 
Схемы да Ірыніных дызайнаў ёсьць у продажы. Вы можаце іх знайсьці на ейным веб-сайце ды ў двух ейных он-лайн крамах.

Мэры Уэл (Mary Wahl)
2 травеня 2014.
https://www.facebook.com/SoB.designs/posts/464517273651797

March 17, 2014

Першы беларускі варштат па вышыўцы ў Канадзе

8 травеня 2013 адбыўся мой першы майстар-клас па беларускай традыцыйнай тэхніцы вышыўкі “нізанка”. 
     Цешуся меркаваньнем, што гэта – першы ў гісторыі беларускі майстар-клас у Канадзе. Прынамсі, мне пра такія невядома. Сьведчу нават па тым, што пра беларускую вышыванку наагул у Канадзе (мяркую і ў Амерыцы) нічога не вядома. Не было вядома да гэтага часу. 
     Яшчэ цешуся надзеяй, што "нізанка" зойме сваё пачэснае мейсца сярод дзейных вышывальных тэхнік, а назва "Nizanka - Belarusan Wicker Stitch" (гэтак я ператлумачыла "нізанку" ў ангельскую мову) ад цяпер і назаўжды замацуецца сярод іншых унікальных нацыяныльных назваў, што ўвайшлі ў інтэрнацыянальную тэрміналогію, такіх як "Huck – Swedish Weaving” (швэцкая тканка), “Ukrainian Merezhka” (украінская мярежка), “Norwegian Hardanger” (нарвэскі хардангер), “German Schwalm” (нямецкі швалм), “Romanian Lace” (румынкія карункі), “Japanese Sashico” (японскае сашыкó) ды шмат іншых. 
     Дзякуй Катрыне Элісан (Kathrin Ellison) – гаспадыне крамы-студыі “Gitta’s” – за запрашэньне прыняць удзел у праграме “Дызайнер месяца”. Успрымаю за гонар варункавацца ў такім мерапрыемстве разам з такімі вядомымі на ўвесь амерыканскі кантынент канадыйскімі віртуозамі “залатыя рукі”, як Каралін Мітчэл (Caroline Mitchel), Лінда Лачэнс (Linda Lachance), Барбара Керш’ю (Barbara Kerschew) ды іншымі. Ганаруся і асабістым знаёмствам з імі. 
     Дзякуй Катрын за арганізацыю маёй персанальнай выставы і майстар-класаў па нізанцы. Я вельмі ўсьцешана ейным захапленьнем нізанкай і тым, як яна перадае яго сваім сяброўкам па іголцы. 
     Дык вось, майстар-клас. Першыя свае дызайны ў тэхніцы нізанка я прадэманстравала яшчэ ўзімку на паседжаньні Таронтаўскай гільдыі, дзе яны выклікалі вялізны ажыятаж і настойлівыя (нават агрэсіўныя  ) патрабаваньні майстар-класу. Настойлівыя, бо ўсе ведаюць, што лекцыяў я не даю; лічу сябе адно мастаком-дызайнерам, але ніяк не настаўнікам. І зноў жа дзякуючы асабістай “псіхалагічнай рабоце” нада мной Катрыны і маёй сяброўцы Ікі Якавіч (Ietje Jakovich), я такі набралася рашучасьці. Пры ўмове, што Іка мне дапаможа, бо яна амаль што самы спрактыкаваны ў гэтай справе экспэрт, што яна будзе гаварыць і паказваць, паказваць і тлумачыць, а я - глядзець і навучацца, як гаварыць.... 
     Адмыслова для майстар-класу я падрыхтавала нескладаныя – для пачаткоўцаў – дызайны: закладкі, невялічкія пано, абярэгі – і, зразумела, схемы з інструкцыямі. А Катрын забясьпечыла “матэрыяльнай базай”: тканіну, ніткі, голкі. Ну, і што ж ... Майстар-клас адбыўся! Усё аказалася ня так і страшна ))). 
     Як мяне тады падбазёрвалі мае першыя студэнткі – гэтта значна прасьцей рабіць першыя лекцыі ў камернай абстаноўцы, сярод сябровак, якія і дапамогуць самі і падкажуць. Трэба сказаць, што і дапамога Ікі не спатрэбілася. Яна, зрэшты, спазьнілася (падазраю, што наўмысна!) і мне давялося пачынаць самой. Спачатку я расказала сваю гісторыю, як я сама для сябе адкрыла нізанку (я, дарэчы - такі не экспэрт; сама яшчэ ўсё вучуся, вучуся...), расказала пра гісторыю тэхнікі, паказала на планшэце (хвала высокім тэхналогіям!) здымкі арыгінальных работ, старажытных і сучасных вырабаў. Ну, і тады пачалася праца з іголкамі ды ніткамі... Іка з Катрын мне потым гаварылі, што майстар-клас прайшоў надзіва натхнёна і рупліва: адна з навучэнак нават управілася з усім дызайнам (астатнія забралі дахаты, некаторыя потым далі мне справаздачу праз інтэрнэт, што пасьпяхова закончылі работу). Усім вельмі спадабалася, усе выявілі жаданьне працягнуць навучаньне з больш складанымі схемамі на наступным майстар-класе, які мы плануем на 25 травеня. Я цяпер сьпешна рыхтую дызайны і мадэлі для сурвэтак і невялікіх настольнікаў. 
     Вось такія мае ўражаньні ад майго першага майстар-класа. Наагул было цікава, дружна і весела.

яшчэ:
https://www.facebook.com/iryna.varabei/posts/364488223663071?stream_ref=10
http://gittas-kathrin.blogspot.ca/2013/05/designer-of-month-iryna-varabei.html
http://gittas-kathrin.blogspot.ca/2013/05/stitch-night-with-iryna-varabei.html

     
 
 


January 10, 2014

Варштат па беларускай тэхніцы "нізанка" ў Таронтаўскай гільдыі вышывальніц



Гэты дзень надарыўся адметным. Адзін з тых, што не забываюцца.
Варштат па беларускай тэхніцы нізанка (процяг) ў маёй роднай Таронтаўскай гільдыі вышывальніц.
 Не самая вялікая бяда, што гэта – другога студзеня :). Але падступства палягала ў тым, што надоечы па Таронта прайшоўся найбуйнейшы ледзяны дождж, што павыбіваў электрыку ўсяму гораду на некалькі дзён. У будынку, дзе звычайна адбываюцца зборкі Гільдыі, ляснуў бойлер і цяпла, натуральна, не было. На двары -15. Так што вось вам карцінка: жанкі ў
футрах, дохаўках, швэдарах сядзяць, утрапёна нешта шыюць, падбадзёрваючы кпінамі адна адну: “Вышывай шпарка! Хуценька! Шавяліся! Чым жвавей – тым цяплей!”
А калі ўжо сур’ёзна... Мы ж чакалі на гэты варштат яшчэ зь вясны, як ён быў запланаваны. І хто б мог сабе ўявіць, што (мала для мяне другога студзеня...) вываліцца зь нябеснага офісу такая перашкода нашай пачэснай справе. Але людзей надзіва прыйшло шмат. Пакуль зьбіраліся, адусюль чую нешта кшталту: “Го-о.. не дачакаюся!”
Да ладна... ) Ня так і страшна ўсё было. Нават цудоўна! Будзе што ўспомніць.
Усю праграму мы выканалі (пакуль ня зьмерзлі канчаткова..:). Я зрабіла слайд-шоў, расказала, як, чаму і дзе выкарыстоўвалася нізанка з пракаветных часоў, падмацавала расповед фатаграфіямі, дэманструючы прыгажосьць і вялізную колькасьць узораў у гэтай тэхніцы. І абавязкава – для заахвочваньня – здымкі сучасных, нават мадэрновых, вырабаў, улучна з мамімі собскімі дызайнамі (зрэшты, гэныя былі ў наяўнасьці). Тады раздалі брашуры з інструкцыямі і схемамі. На першы раз мы мелі зрабіць нескладаную па выкананьню закладку майго дызайна. Іка Якавіч, як заўсёды, як яна гэта ўмее цудоўна, па-настаўніцку, бы ў детсадочку, з тупаньнем нагамі, маханьнем пальцам для большай яснасьці,  пачала з падрабязных тлумачэньняў у якую дзюрку ўтыкнуць першую голку. І... работа пайшла.  ... На гэтым мейсцы мушу шчыра падзячыць  маёй сяброцы Іке, якая чарговы раз так шмат мне дапамагла: і начыньне (тканіну, ніткі) падрыхтавала, і тэкст мой ангельскі адрэдагавала.. Ня ведаю, што б без яе рабіла наагул... :)
Напрыканцы парасхваталі й апошнія брашуры са схемаі - “для сябровак”. То мы вырашылі для тых, хто адсутнічаў, і тых, хто дома сам не ўправіцца закончыць праект,  працягнуць/паўтарыць варштат на нашым альтэрнатыўным паседжаньні праз два тыдні.  

ANPT. Fall 2010. Harvest Feast



“Імпэт зачышчае ляды й засейвае цаліну фантазіі, каб сабраць ураджай з палёў мастацтва.” – Осьцін О’Маллей

"Дываны традыцыйна служылі спосабам і скласьці малітву за добры ўраджай, і выказаць падзяку Маці-зямлі. Для майго вышыванага мініятурнага дыванка “Дажынкі” я перанесла сымбалі, якія звычайна вышываліся крыжыкам, у новую тэхніку ў стылі “баргела”.

 "Гэтая вышыванка зьнітоўвае ў вадно  расповеды аб маёй краіне Беларусь. Вось – ураджай жыта, сабраны з поля, якое ляжыць сярод лясоў. Сельская гаспадарка – гэта тое, чым жылі мае продкі. Уся культуры Беларусі вядзе свае карані ад земляробства, і усе нашыя звычаі і традыцыі заснаваны на ім. Усе сьвяты, фальклор і мастацтва былі зьвязаныя з сезонным каляндарам, выявамі земляробчай працы й прыроды. Беларус кладзецца спаць і прачынаецца з адной думкамі аб кавалку сваёй зямлі. Зямля для беларуса ёсьць жывой істотай, да якой ён зьвяртаецца ў сваіх малітвах. Ён кліча яе пяшчотна “зямля-матухна” й рупіцца аб ёй, як клапатлівы сын. Ён кліча яе паважна “зямля-карміцелька” ў надзеі, што яна аддзячыць яму добрым ураджаем. Галоўны дар зямлі – гэта хлеб. У беларускім сьвеце хлеб мае адметны статус. Мы гаворым: “хлеб сьвяты”, “хлеб – пачатак пачаткаў”, “хлеб – усяму галава”. Для хлеба адведзена самае пачэснае мейсца ў хаце, побач з іконай, загорнуты ў лепшы вышываны рушнік.

Беларусы пакланяюцца Ярылу – богу ў іхнай міталогіі. Ён прыводзіць Вясну у іхны край, адмыкаючы яе адмысловым ключом. Ён клапоціцца аб пасеве, наглядае за ростам і забясьпечвае ўраджай. Ён – самы моцны бог, што гаспадарыць на Мацеры-зямлі. Ярыла той, хто некалі спыніў качавое жыцьцё людзей і пераканаў іх не палягацца на сілы прыроды, а вырошчваць самім сродкі жыцьця. Навучыўшы людзей апрацоўваць зямлю, ён прынёс чалавецтву земляробства.
Беларускія вышываныя сымбалі нясуць у сабе старажытныя і сучасныя сьветаўяўленьні і веды аб сусьвеце. Ключом да беларускіх арнаментаў зьяўляецца разуменьне таго, што гэтыя геаметрычныя ўзоры некалі пачыналіся як піктаграмы для перадачы інфармацыі ў час, калі яшчэ не было пісьменства. Беларусы зьбераглі старажытнае арыйскае сымбалічнае пісьмо, стылізаваўшы яго ў арнаментальную вышыўку."



"Сымбалі, якія я выкарыстала ў гэтай вышыванцы:


1. Бог ураджаю Жыцень (ад слова “жыцьцё).
1а. Мой варыянт бога ўраджаю.
2.  Жытні колас.
2а. Бог ураджаю, па-беларуску гучыць як “рай”.
Гэты сымбаль звычайна зьяўляецца ў вяночку, у маім кіліме вяночак – зялёнага колеру.
3. Рог – старажытны сымбаль багацьця й дабрабыту. Бярэ сваё значэньне ад статку, які некалі служыў у якасьці грошай.
3а. Адзін са спосабаў стылізаваць выяву рога.

Беларусы вераць, што, пакуль твае рукі вышываюць, тваё сэрца гаворыць з Богам. Вышываныя сымбалі – гэта сродак размовы з духовым сьветам."


---------------------------------------------------------------------------------

 “Reason clears and plants the wilderness of the imagination to harvest the wheat of art.”
Austin O'Malley

A ‘rug’ is a traditional way to fulfill both a prayer about harvest and gratitude to the Mother-Earth. In my Harvest Feast Rug I transformed the symbols traditionally done in cross-stitch into a new bargello-style technique which I created myself. 

Belarusans believe, “While your hands are stitching, your heart communes with God. Stitched symbols are a way to communicate with the spiritual realm.”  

My embroidery threads together the story of my country – Belarus.  It represents the harvest of the wheat from the cleared land in the forested VALLEY. Farming is what my ancestors did. The whole culture of my people is bonded with agriculture. All rites and customs are based on it. All holydays, feasts, and arts are connected to the seasonal calendar, images of rural work and of nature. The Belarusan goes to bed and wakes up with thoughts about his piece of earth. EARTH in the Belarusian imagination is a holy spirit whom he appeals to in his prayers. He calls it tenderly Mother-Earth and gives her his best care. He calls it respectfully Bread-winner-Earth in his hope she will pay him back a best HARVEST. The main product of harvest is BREAD. Bread has a special status in the Belarusian world. We say: “holy bread”, “bread is a beginning of beginnings; is a head of everything”. Bread takes its place at the most precious spot in a house, beside an icon, wrapped in the best embroidered towel.

The Belarusans worship Yaryla. In our mythology he is a spirit. He brings Spring to our land, unlocking it with a special key. He takes care of sowing; controls growing and provides harvest. He is the most powerful god who governs on the Mother-Earth. Yaryla put a stop to nomadic life and taught people to not just take what nature gave, but produce their means themselves. He taught how to gain food from cultivating the earth. So, he brought agriculture to mankind.

Belarusian embroidery symbols represent philosophy and knowledge about the world - not just ‘ancient’ but also of our time. The key to the Belarusian embroidery is to understand that the geometric designs were originally pictographs to provide meaning to an illiterate society. Belarusans have preserved ancient Aryan symbolic scripts by stylising them into ornamental stitchery.
  
The symbols used in my embroidery are the following: 

1.   Spirit (god) of harvest:  “Jitsen” comes from “life”
1a. What I easily designed it into. 
2.  Spike of wheat or rye.
2a. Spirit (god) of harvest: In Belarusian sounds like “Rye”. 
      Usually, it is framed with some pattern, like with a garland. Which, I did. (It is in green). 
3.  Horn is the ancient symbol of wealth and goodness. It came from cattle. In ancient times, cattle played the role of money.
3a. One of the ways to stylize the image of horns. 




January 09, 2014

ANPT. Summer 2010. Home Sense


Бачына 3
"Ірына Варабей была прадстаўленая ў нашым вясеньнім выпуску з праектам, што называўся Ripples on Water, a Spring, які зьвяртаўся да традыцыйнай беларускай вышыўцы. Зараз прапануем вам схему крыжыкам Home Sense у народным стылі і тыповых беларускіх колерах. У наступным нумары Fall 2010 будзе наступная прывабная схема ў тэхніцы нітаграфікі ад Ірыны Варабей."

Home Sense.  

"Утульнасць хаты".

 Бачына 63
English text is below

"Паходжаньне назвы “Беларусь” дагэтуль яшчэ дакладна ня вызначана. Адныя навукоўцы ўважаюць, што “белы” ў старажытных славянскіх мовах азначала “чысты, вольны”, тлумачачы тымсамым, што такое вызначэньне краіна атрымала таму, што так і не была зваяваная ці акупаваная Залатой Ардой, тымчасам як усе ейныя суседзі былі.
Іншыя ж лічаць, што гэтая назва нашмат старэйшая. Народ гэтае краіны быў абазначаны “белым” за любімы колер сваіх адзеньняў. Беларусы не фарбавалі свае даматканыя вырабы, ім падабаўся натуральны выгляд свайго роднага ільну, каторы чым болей яго мылі, тым бялейшым ён рабіўся. Адно, што яны ўпрыгожвалі свае белыя адзеньні ды посьцілкі чырвонай вышыўкай. Белы ды чырвоны – колеры, што праз стагодзьдзі захоўваліся ў традыцыйнай вышыўцы -- зрабіліся для беларусаў складнікам іхнага нацыянальнага багацьця, што і ёсьць прадстаўленым у іхным нацыянальным сцягу.
Home Sense – пано з жыцьцярадасным трыпціхам, створанае дызайнеркай Ірынай Варабей. Схемы дзвюх іншых карцінак можна замовіць ад самой дызайнеркі. Ва ўсіх схемах ужытыя аднолькавыя колеры нітак." 

Набыць схему ў краме Etsy     

 Іншыя публікацыі ў ANPT 

------------------------------------------------

The origin of the name “Belarus”, which means “white land”, is still uncertain. Some historians believe that “white” in the old Slavic culture meant “clean, free”, pointing to the fact that Belarus was never conquered or occupied by the Gold Horde (Mongol-Tatar invasion) unlike the other principalities in the area in the 13-15th centuries.
Others believe that this name is much older. The nation was identified with “white” after the folk’s favorite colour used for clothing. The Belarusans didn’t dye their homemade fabrics. They loved the natural look of their native flax – the more it was washed, the whiter it got. It was typical for them to embellish their white clothes and linens with red embroidery. Over time red and white have become part of their heritage and are represented in their traditional embroidery and used in their national (historical) flag.


The Pattern is available on my Etsy store here