March 17, 2014

Першы беларускі варштат па вышыўцы ў Канадзе

8 травеня 2013 адбыўся мой першы майстар-клас па беларускай традыцыйнай тэхніцы вышыўкі “нізанка”. 
     Цешуся меркаваньнем, што гэта – першы ў гісторыі беларускі майстар-клас у Канадзе. Прынамсі, мне пра такія невядома. Сьведчу нават па тым, што пра беларускую вышыванку наагул у Канадзе (мяркую і ў Амерыцы) нічога не вядома. Не было вядома да гэтага часу. 
     Яшчэ цешуся надзеяй, што "нізанка" зойме сваё пачэснае мейсца сярод дзейных вышывальных тэхнік, а назва "Nizanka - Belarusan Wicker Stitch" (гэтак я ператлумачыла "нізанку" ў ангельскую мову) ад цяпер і назаўжды замацуецца сярод іншых унікальных нацыяныльных назваў, што ўвайшлі ў інтэрнацыянальную тэрміналогію, такіх як "Huck – Swedish Weaving” (швэцкая тканка), “Ukrainian Merezhka” (украінская мярежка), “Norwegian Hardanger” (нарвэскі хардангер), “German Schwalm” (нямецкі швалм), “Romanian Lace” (румынкія карункі), “Japanese Sashico” (японскае сашыкó) ды шмат іншых. 
     Дзякуй Катрыне Элісан (Kathrin Ellison) – гаспадыне крамы-студыі “Gitta’s” – за запрашэньне прыняць удзел у праграме “Дызайнер месяца”. Успрымаю за гонар варункавацца ў такім мерапрыемстве разам з такімі вядомымі на ўвесь амерыканскі кантынент канадыйскімі віртуозамі “залатыя рукі”, як Каралін Мітчэл (Caroline Mitchel), Лінда Лачэнс (Linda Lachance), Барбара Керш’ю (Barbara Kerschew) ды іншымі. Ганаруся і асабістым знаёмствам з імі. 
     Дзякуй Катрын за арганізацыю маёй персанальнай выставы і майстар-класаў па нізанцы. Я вельмі ўсьцешана ейным захапленьнем нізанкай і тым, як яна перадае яго сваім сяброўкам па іголцы. 
     Дык вось, майстар-клас. Першыя свае дызайны ў тэхніцы нізанка я прадэманстравала яшчэ ўзімку на паседжаньні Таронтаўскай гільдыі, дзе яны выклікалі вялізны ажыятаж і настойлівыя (нават агрэсіўныя  ) патрабаваньні майстар-класу. Настойлівыя, бо ўсе ведаюць, што лекцыяў я не даю; лічу сябе адно мастаком-дызайнерам, але ніяк не настаўнікам. І зноў жа дзякуючы асабістай “псіхалагічнай рабоце” нада мной Катрыны і маёй сяброўцы Ікі Якавіч (Ietje Jakovich), я такі набралася рашучасьці. Пры ўмове, што Іка мне дапаможа, бо яна амаль што самы спрактыкаваны ў гэтай справе экспэрт, што яна будзе гаварыць і паказваць, паказваць і тлумачыць, а я - глядзець і навучацца, як гаварыць.... 
     Адмыслова для майстар-класу я падрыхтавала нескладаныя – для пачаткоўцаў – дызайны: закладкі, невялічкія пано, абярэгі – і, зразумела, схемы з інструкцыямі. А Катрын забясьпечыла “матэрыяльнай базай”: тканіну, ніткі, голкі. Ну, і што ж ... Майстар-клас адбыўся! Усё аказалася ня так і страшна ))). 
     Як мяне тады падбазёрвалі мае першыя студэнткі – гэтта значна прасьцей рабіць першыя лекцыі ў камернай абстаноўцы, сярод сябровак, якія і дапамогуць самі і падкажуць. Трэба сказаць, што і дапамога Ікі не спатрэбілася. Яна, зрэшты, спазьнілася (падазраю, што наўмысна!) і мне давялося пачынаць самой. Спачатку я расказала сваю гісторыю, як я сама для сябе адкрыла нізанку (я, дарэчы - такі не экспэрт; сама яшчэ ўсё вучуся, вучуся...), расказала пра гісторыю тэхнікі, паказала на планшэце (хвала высокім тэхналогіям!) здымкі арыгінальных работ, старажытных і сучасных вырабаў. Ну, і тады пачалася праца з іголкамі ды ніткамі... Іка з Катрын мне потым гаварылі, што майстар-клас прайшоў надзіва натхнёна і рупліва: адна з навучэнак нават управілася з усім дызайнам (астатнія забралі дахаты, некаторыя потым далі мне справаздачу праз інтэрнэт, што пасьпяхова закончылі работу). Усім вельмі спадабалася, усе выявілі жаданьне працягнуць навучаньне з больш складанымі схемамі на наступным майстар-класе, які мы плануем на 25 травеня. Я цяпер сьпешна рыхтую дызайны і мадэлі для сурвэтак і невялікіх настольнікаў. 
     Вось такія мае ўражаньні ад майго першага майстар-класа. Наагул было цікава, дружна і весела.

яшчэ:
https://www.facebook.com/iryna.varabei/posts/364488223663071?stream_ref=10
http://gittas-kathrin.blogspot.ca/2013/05/designer-of-month-iryna-varabei.html
http://gittas-kathrin.blogspot.ca/2013/05/stitch-night-with-iryna-varabei.html

     
 
 


No comments:

Post a Comment