December 25, 2017

ANPT. Festive 2013. Калядная Зорка

A Needle Pulling Thread, Festive 2013, бачыны 42-43
-публікацыя ў часопісе-

Kaliada Star - Калядная Зорка


У той час, як іншыя славянскія народы маюць хрысьціянскія назвы для нашых агульных сьвятаў, беларусы аднак упарта называюць іх на свой старажытны паганскі лад. “Easter” у іх – гэта Вялікдзень (The Great Day); Сьвяты Іван саступае дарогу Купальлю падчас летняга сонцастаяньня. Такім чынам, чаму ж “Christmas” мусіць неяк адрозьнівацца? Беларусы клічуць яго – Каляды.
Відавочна, што гэтая назва ня мае ніякага дачыненьня да нараджэньня Езуса. І хаця беларусы і сьвяткуюць гэтую значную падзею і ўхваляюць яе ў сваіх сьвяточных гімнах, але на гэтым уся сувязь Калядаў з Нараджэньнем Хрыстовым заканчваецца.


Каляды – гэта дахрысьціянскае сьвяткаваньне канца аднаго году і пачатка новага. Ёсьць версія, што само слова Каляды паходзіць ад слова “кола”, якое сымбалізуе сонца, сезонны калаўрот і зімовае сонцастаянне. Пазней яно было прывязана да сьвяткаваньня Нараджэньня Хрыстова ў хрысьціянскай і каталіцкай царкве.

На Каляды людзі зьбіраюцца групамі дзеля легкадумных, фрывольных пагулянак і напорыстых, бесцырымонных свавольстваў, якія называюцца “калядаваньне”. Усе ведаюць, што беларусы вялікія жартаўнікі ды імправізатары. Цягам трох тыдняў калядоўшчыкі, апранутыя ў зьвяроў, у міфічныя істоты, у масках для большай весялосьці, швэндаюцца па вёсках, дуркуючы, гуляючы нейкія ролі ў сваіх імправізаваных спектаклях. Гэтак яны ходзяць са двара на двор, сьпяваюць калядкі з пажаданьнямі гаспадарам здароў’я, багацьця і добрага ўраджаю ў наступным годзе і патрабуюць за гэта смачных пачастункаў.
Падчас калядных сьвяткваньняў ёсьць звычай насіць з сабой Калядную зорку – самаробнае, упрыгожанае кола з промнямі, якое круціца, чым і ўвасабляе сабой Сонца і гадавы калаўрот. Пазьней яно пачало сымбалізаваць Зорку Віфлеема.

Відавочна, не цяжка зразумець калядныя матывы ў маім дызайне гэтай мініятурнай падушачцы. Блакітная зорка азначае зіму, а чырвоная – Каляды.

Прыемнага вам вышываньня і

Merry Kaliady, сябры!


November 29, 2017

ANPT. Fall 2011. Mushroom Adventures

A Needle Pulling Thread, Fall 2011, бачыны 62-65
-публікацыя ў часопісе-

Mushroom Adventures - Грыбныя прыгоды


Рана-рана на досьвітку... Мы крочым праз блакітна-шэры луг, ахутаны густым белым вэлюмам асенняга туману. Ранішняя раса халодзіць босыя ногі (абутак нясем у руках, каб не замок). Наш шлях ляжыць да бярозавага гаю, што наперадзе. Нас абуяюць пачуцьці: трапяткія, салодкія прадчуваньні прыгодаў -- такія моцныя, што мы згодныя падымацца з такога цёмнага рана, вылазіць з цёплых ложкаў ісьці ў доўгую дарогу...






Гэта значыць – у Беларусь прыйшла пара
“ціхага паляваньня”. Гэта пара, калі ўсе жыхары краіны робяцца ‘’грыбнымі паляўнічымі”: губляюць раптам спакой і ўсе разам кіруюць у лес  па грыбы.

Зьбіраньне грыбоў у Беларусі – агульная страсьць, нацыянальная гульня. І ёй навучаюцца ўжо з дзяцінства. Па восені тут усе нібыта зьязджаюць з глуздоў: на дарогах – пробкі; увесь транспарт: электрычкі, аўтобусы – набітыя бітком грыбнікамі; з кухонных вокнаў паўсюль разносіцца дурманлівы водар гатаваных грыбоў; у размовах вядуць рэй дзівосныя грыбныя гісторыі, бальшыня з якіх ... хутчэй за ўсё – “гарадскія байкі”*... або лепей скжам – “лясныя байкі”.

Беларусь – краіна лясоў, і ў іх процьма ўсякіх відаў ядкіх грыбоў, і іх хапае на ўсіх і кожнага.
Беларускую гасьціннасьць немагчыма ўявіць без грыбоў на стале, а “утульнасьць хаты” вызначаецца колькасьцю і якасьцю грыбных страваў .                 
Для мяне было трапяткім слодычам працаваць над “Грыбнымі прыгодамі”, ператвараючы іх у схему крыжыкам. Гэта тая карцінка, што так ярка абуджае ў мяне мае дзіцячыя й юнацкія ўспаміны.


*’гарадскія байкі’ – ‘urban myths’ – выдумкі.



October 31, 2017

Беларуская нізанка ў праекце “Roses Presentation-in-a-Box”

Для мяне асабіста гэта быў выклік (такое ёмістае ангельскае слова “challenge”). 
Але я дала рады, я зрабіла гэта!

- Беларуская нізанка ўвайшла ў каталог вышывальных тэхнік. -

Праект “Roses Presentation-in-a-Box” быў прапанаваны два гады таму, увесну 2015 г., Канадыйскай асацыяцыяй вышывальніц і абвешчаны праз часопіс “Embroidery Canada”. Мэтай было стварыць наглядны перасовачны інфармацыйна-адукацыйны каталог-банк усіх існуючых вышывальных тэхнік.

Проста прапанавалася паўдзельнічаць у праекце і вышыць для яго ўзор у якойсьці з адной тэхнік. Удзельнічаць мог любы сябра Асацыяцыі.  
Умовы былі толькі дзьве – зададзеная форма (пяць пялёсткаў ружы) і памер (3 на 3 цалі).

Натуральна, я вырашыла, што беларуская нізанка мусіць быць там прадстаўленай.

У чым быў выклік для мяне? Ды ў гэтых двух умовах – маленечкі памер і форма.
Я ня буду расказваць, колькі часу, спробаў, пераробак заняў мне дызайн на компе...
Я зрабіла!

Я вышыла нават два варыянты (бо і каталогаў зроблена два, для ўсходу і захаду Канады). І ў кастрычніку адаслала. Аж у Брытыш Каламбію (бо яны гэтым і займаліся). Звычайнай поштай. Дадаўшы, праўда, лісты са спасылкамі. Што праўда, мне ніхто на іх і не адказаў.

І вось сёлета, 28 кастрычніка, на Фестывалі рукатвораў, дзе я традыцыйна ўдзельнічаю, і на гэты раз валанцёрыла ў буціку Канадыйскай асацыяцыі – ваў! – я яго ўбачыла! І патрымала ў руках.

Беларуская нізанка там ёсьць! 

Яна ў самым пачатку. Паводле алфавіту, так, так.. пасьля “ассісі” – але ўсё роўна – як прыемна!
І суправаджальны тэкст. Мяркую, яны панабралі яго з маіх сайтаў.

п.с. Ёсьць яшчэ і трэці варыянт, блакітны. Яго я зрабіла для сябе на памяць.

In English on my Facebook Page about the Project 



  --  

October 22, 2017

ANPT. Spring 2011. Hramavik

A Needle Pulling Thread, Spring 2011, бачыны 58-61
-публікацыя ў часопісе-

Hramavik - Thunder Spirit - Грамавік


Якім бы ні быў прыгожым, чысцюткім, шчасцядайным першы снег, якімі б ні былі велікапышнымі, панаднымі снежныя сумёты, але некалі надыходзіць час, калі мы прагна чакаем на першы гром, навальніцу, разгул праліўной стыхіі, каб змыла ўшчэнт усе астанкі той захапляльнай калісьці прыгажосці.
“Грамавік” – мініяцюрны кілім, выкананы ў зададзенай колеравай гаме “Ice Is Nice” (ака: які цудоўны гэты лёд...) у рэдкай, незвычайнай, але вельмі цікавай вышывальнай тэхніцы “трохкутнік”, увасабляе сабой палёт маёй фантазіі на тэму адпаведнага беларускага сымбаля.

Дызайн майго “Грамавіка” зьявіўся з трох крыніцаў майго натхненьня: беларускага сымбалю, вышывальнай тэхнікі “трохкутнік” і колеравай гамы, прапанаванай часопісам “ANPT”.

Некалькі гадоў таму ў бібліятэцы Таронтаўскай гільдыі вышывальніц мне трапіла ў рукі кніжка “Трохкутнік”, Шырлі Ланц (“Trianglepoint" Sherlee Lantz). Гэтая тэхніка, якую прапанавала аўтарка, уразіла мяне, і ў мяне тут жа пачалі нараджацца ідэі, каб зьяднаць яе з беларускімі ўзорамі. Тым больш, што работ, зробленых у гэтай тэхніцы, я ніколі яшчэ ня бачыла. Я адразу кінулася да кампутара і хуценька склала і зарысавала некалькі чарнавых схемак. Але як ня дзіўна, з нейкай прычыны я тады проста захавала іх і ...’’забылася’’. Бадай, ім наканавана было дачакацца ‘’свайго часу’’. ... І вось калі я ўбачыла колеравую гаму, прапанаваную часопісам, мне раптам ўзгадаліся гэтыя чарнавікі, і я вырашыла, што пара іх ‘’адкапаць’’!

І ў колеравай гаме, і ў ‘’трохкутніку’’ я ўбачыла знакамітага Грамавіка. Ягоны сымбаль (ён у самым цэнтры дызайну) найбольш адпавядаў гэтым абодвум.
Калі я кажу ‘’знакаміты’’, я маю на ўвазе, што гэты сымбаль даволі папулярны ў фальклоры шмат якіх народаў па ўсім сьвеце, у тым ліку і ў карэнных народаў Амерыкі.

Само слова ‘’трохкутнік’’ было прыдумана і выкарыстана Шырлі Ланг для сваёй кнігі, выдадзенай у 1976 г. Гэта была новая стуктурная сістэма для стварэння ўзору ніткамі. Яна, падобна як і тэхніка “баргела’’, прапанавала невядомы дагэтуль шыкоўны метад запаўненьня прасторы паўтарэннем узораў, створаных трохкутнікамі і гексаграмамі.
Аўтарка сьцвярджае, што яна толькі ‘’перавынайшла’’ гэтую тэхніку, маючы на ўвазе, што яе самую натхнілі распаўсюджаныя па ўсім сьвеце трохкутныя і гексаганальныя ўзоры ў старажытных арнаментах, а гэтак жа і падобныя да іх амерыканскія і ангельскія работы ў пэчўорке 19-га і 20-га стагодзьдзяў. 


Асноўным элементам гэтай вышыванай тэхнікі ёсьць трохкутнік, з якога і будуецца ўзор. Гэта лягчэў зразумець, параўнаўшы яго з вышыўкай крыжыкам. ‘’Трохкутнік’’ – гэта знаходка, бо ён лёгка засвойваецца, хутка вышываецца, нескладаны і нязьменны ў свай форме. Ён не патрабуе складаных схемаў, чарцяжоў, дліннючых інструкцыяў, падлікаў квадрацікаў канвы. ... Па часе запаўненьне трохкутнікаў-дыямантаў робіцца прывычным. Памылкі лёгка выпраўляюцца налажэньнем доўгіх сьцяжкоў на кароткі.
Трохкутнік патрабуе гладкага, лёгкага налажэньня сьцяжкоў – раслабленай, але прывычнай рукой. Нітка мусіць класьціся без нацягу, але і не правісаць. Краі трохкутнікаў мусяць быць роўнымі, каб акцэнтаваць мазаічны характар узора.
Гэта – асноўны канцэпт вышыўкі трохкутнікам.

Што да майго сёняшняга “Грамавіка”, я мушу прызнацца, што я трошкі парушыла асноўныя правілы гэтай тэхнікі там, дзе тычыцца формы. Я падзяліла раўнабедраны трохкутнік надвая і атрымала меншыя нераўнабедраныя. Абедзьве формы выкарыстаныя ў гэтым дызайне.




Набыць схему на Etsy



 Іншыя публікацыі ў ANPT

ANPT. Summer 2011. United Family

A Needle Pulling Thread, Summer 2011бачыны 54-56
-публікацыя ў часопісе-

United Family - Дружная сям'я

English text is below

Традыцыйная беларская вышыўка – гэта ня проста прыгажосьць і творчасьць. Беларускія жанчыны лічаць, што вышываньне – гэта стасункі з духовым сьветам, а іхныя вышываныя рэчы – гэта лісты і малітвы да Бога.
Нацыянальны беларускі арнамент выяўляе з сябе мазаіку ўзораў, сабраных з геаметрычных фігур, якія выкарыстоўваюцца ў якасьці сымбалічнага пісьма. Даўней, напрыклад, з вышываных узораў на адзеньні чалавека можна было прачытаць усё аб ягоным сацыяльным статусе. А яшчэ можна было зрабіць такую віншавальную ''паштоўку'' ў выглядзе вышыванай кашулі, дыванка або адмысловага рушніка.

Рушнік – самы папулярны для такой нагоды сродак. У беларускай культуры рушнік – гэта ня проста рэч хатняга ўжытку. Вышываны рушнік мае вялікае сакральнае значэньне ў беларускай культуры і гісторыі: ён ужываўся ва ўсіх звычаях і рытуалах, выконваючы ролю “дарогі’’ – зьвязку – між фізічным сьветам і духовым. Мы верым, што калі ты “напішаш’’ свае пажаданьні вышыванымі сымбалямі на рушніку, твае малітвы будуць пачутыя.
Яшчэ адным любімым сродкам для “выказваньня” або вышываньня сваіх жаночых жаданьняў і надзей зьяўляюцца посьцілкі, насьценныя дываны і габелены. Што да посьцілак і дываноў – гэта размова асобая і больш складаная, бо яны могуць несьці ў сабе цэлыя расповеды: гісторыі, балады, песьні, карцінкі з асабістага лёсу і г. д.

Як вы думаеце, дык аб чым марылі беларускія бабці (тыя самыя, што захавалі гэтыя сымбалі ды ўзоры для нас) у сваіх вышыванках? Нават не сумнявайцеся. У любым кутку зямлі, ва ўсе часы ад стварэньня сьвету, думкі і мары любой жанчыны былі такімі ж, як і вашыя – добра выйсьці замуж, мець харошага мужа, здаровых дзяцей, лагодную сьвякруху, увішных нявестку/зяця – так, усе яны аб сям’і. 


У беларускіх арнаментах ёсьць узоры-сымбалі “дзеці”, “маці”, “хлопчык”, “дзяўчына” і г.д. Але ёсьць і адзін, што азначае менавіта “сям’ю”, або сымбаль – “дружная сям’я”. У беларускай мове, слова “сям’я” складаецца з двух кораняў: “сем” і “я” – “сем мяне”. І такім ёсьць і сымбаль “дружнай сям’і” – ромб, падзелены на некалькі частак, які ў сваю чаргу драбніцца, ствараючы такі мудрагелісты “узор ва ўзоры”.

Для мяне як дызайнера, інтрыгай было перайначыць традыцыйны ромбавы ўзор для вышываньня аднымі прамымі сьцяжкамі.

Калі вы будзеце вышываць гэты дыванок “Дружная сям’я”, я жадаю вам, каб усе вашыя мары аб вашай сям’і спраўдзіліся.


--------------------------------------------------------------------------------------------------------------

Traditional Belarusan embroidery is more than beauty and creativity. Belarusan women consider their stitching as communicating with the spiritual world, and their stitched pieces are like letters and prayers to God. 
Traditional decorative motifs represent mosaic patterns assembled with geometrical figures which are used as pictographs for symbolic writing. In old times, for example, it was possible to ‘read’ all about a person’s social 
status from embroidered patterns on his/her clothing. Also, a stitcher could make her complimentary ‘postcard’
in the form of a stitched article, rug, or a special towel called rushnik. 

Rushnik is a favourite medium, it is not a plain household item and when embroidered, it has a significant sacred meaning in Belarusan culture and history; it has been used in all authentic customs and rites, representing the ‘road’—the link—between the physical and the spiritual worlds. It is believed that if you ‘write down’ your wishes with stitched symbols on a towel, your prayers will surely be heard.
Other beloved mediums for ‘fulfilling’ or ‘stitching’ women’s wishes and aspirations are bed/pillow covers and wall rugs and tapestries. Rug and tapestries are however a separate and more complicated topic as they encompass whole stories such as tales, ballads, songs, personal life stories and so on…

Guess, the stories our foremothers (those who first created the patterns and designs for us to use) told in their stitching are the same as the hopes and wishes of today’s women, and are universal. Our wishes and hopes for a good marriage, kind husband, healthy children, decent mother-in-law, grandchildren, in essence it’s all about family.

Among the other symbols in Belarusan motifs representing ‘children’, ‘mother’, ‘boy’, ‘girl’ etc., one in particular represents ‘family’, as in “united family”. In Belarusan language, the word for ‘family’ consists of two roots: ‘seven’ and ‘me’ – ‘seven-of-me’. And such is the symbol for “united family”—the rhombus divided into several pieces, which is also evolved into an intricate pattern within a pattern.


For me as a designer, the challenge in recreating the rhombus symbol was in designing it in straight stitches only.
 
As you stitch United Family, I hope all your wishes about your family come true.

October 10, 2017

Беларуская зорка вышывальнага мастацтва ў Канадзе


 У "Нашай Ніве" гэтае інтэрвію было скарочана амаль напалову.
Тут падаецца поўны тэкст, падрыхтаваны аўтарам.  Скасаваныя часткі выдзеленыя абзацам і іншым шрыфтам.                       

Алесь Кот
  В ы ш ы в а л ь н і ц а

Кароткія даведкі:

Ірына Варабей - заснавальніца беларускага мастацка-дызайнерскага брэнду ў Канадзе "Spirit of Belarus".
"Spirit of Belarus" (Ірына Варабей) – сталы ўдзельнік штогадовага Фестывалю рукатвораў у Таронта, Канада (“CreativFestival"). На сайце Фестывалю адчынены персанальны блог кампаніі  "Spirit of Belarus".
"Spirit of Belarus" – сталы карэспандэнт адзінага ў Канадзе часопіса рукатвораў “A Needle Pulling Thread”. Да гэтага часу у ім апублікавана ўжо 15 работ Ірыны Варабей.
Ірына Варабей – сябра Гільдыі Канадыйскіх Дызайнераў Вышыўкі, Канадыйскай Асацыяцыі Вышывальніц, Таронтаўскай Гільдыі Вышывальніц.
Ірына Варабей – дызайнер, выкладчыца ў галіне вышыўкі, арганізатарка класаў і варштатаў па навучаньню традыцыйнай беларускай тэхніцы вышыўкі і па прасоўваньню й замацаваньню тэрміну "Belarusan Nizanka" у Заходнім Cьвеце.
Ірына Варабей – уладальніца некалькіх інтэрнэтных крамаў, гаспадыня спецыялізаваных сайтаў, блогаў і г.д.
Дзьве работы Ірыны Варабей былі адабраны на конкурсе для ўсеканадыйскага шоў-турнэ рукадзельніц “Threadworks-2016”

Адметнасьць вышывальных дызайнаў Ірыны – у арыгінальным, незвычайным для канадыйскіх вышывальніц стылі – “этнамадэрн”, які яна выпрацавала сама, спалучаючы сучасныя тэхнікі вышываньня з традыцыйнымі беларускімі арнаментамі й вобразамі.

Статыстыка электронных рэсурсаў Ірыны Варабей штотыдзень фіксуе  ад 1000 да 3000 наведваньняў. Толькі за адзін год існаваньня дзьвюх Iнтэрнэтных крамаў "Spirit of Belarus" налічана больш за 4000 наведваньняў з амаль 60 краінаў сьвету, шмат зь якіх сканчваліся набыцьцём схемаў для вышыванкі. Больш за 550 беларускіх дызайнаў ужо раз'ехаліся ў тузіны розных краінаў сьвету, пачынаючы ад ЗША да Паўднёвай Афрыкі.



Аднойчы, яшчэ ці ня ўвосень 2013, запытаўся у Іры Варабей: “Колькі ўжо часу ты тырбаесься голкамі-ніткамі пад брэндам ''Spirit of Belarus''?”
“Сваечасовае пытаньне, - усьміхнулася Іра, - сёлета маёй кампаніі спаўняецца 5 год.” І ўсё якась ціха, сьціпла. Ціха і ў таронтаўскай грамадзе, якая ніяк не заўважыла пяцігадовага існаваньня першага беларускага брэнда ў Канадзе, створанага іхнай суайчыньніцай.
- Дык напішы пра сваю працу.
- Сама пра сябе? Якась няёмка...
- Давайма ў выглядзе інтэрвію.
- Каму?
- Мне...

Разгаварыць Ірыну сталася цяжкім заняткам. Лазіў па ейнаму сайту, шукаў зачэпкі для пытаньняў. Нешта сабралося й праз Фэйсбук і ейны блог. Выпрошваў падзяліцца матэрыяламі зь ейнага собскага архіву. Ставіў удакладняючыя пытаньні... Цягам шматлікіх роспытаў і цікавых гутарак з Ірынай я настолькі захапіўся вышываньнем і ўвайшоў у справу, што, напэўна, і сам ужо гатовы вышываць ці даваць варштаты. Размоваў было шмат, і пэўна што, толькі часткай зь іх магчыма падзяліцца ў публічным выданьні. Насамрэч іх хапіла б на цэлую кнігу, бо выявілася, што за кожным дызайнам ці праектам стаіць цэлая гісторыя жыцьця з цікавым расповедам.
 
Алесь Кот: У выніку сваіх даследніцкіх росшукаў па ўсіх тваіх віртуальных рэсурсах, зрабіў для себе выснову, што ты – нашая беларуская знакамітасьць у Канадзе. Ні меньш, ні больш...

Ірына Варабей: Ну, не ва ўсёй Кандзе (сьмяецца). Але ў адметных, вышывальніцкіх колах – так, мяне ведаюць. Ведаюць, што ёсьць такая кампанія, што робіць дызайны на этнічным, беларускім матэрыяле.

А.К.: А наколькі навогуле распаўсюджаны ў Канадзе гэты занятак - вышывальніцтва?

І.В. Вельмі папулярны. Даўней тут вышывалі ў кожным доме. Цяпер меней, але ў кожным мала-малым мястэчку ёсьць свая гільдыя-клюб вышывальніц. І шмат зь іх зьяднаныя ў Канадыйскую асацыяцыю вышывальніц. Пры кожнай спецыялізаванай краме таксама існуе студыя-клюб. Вельмі шмат вышывае неарганізаваных жанчын, проста аматарак. І актыўная цікавасьць да вышываньня як занятка апошнім часам ізноў расьце.
з фанатамі :)

А.К.: Мяркуючы па здымках ў Сеціве ў кампаніі "Spirit of Belarus" ёсьць нават фан-клаб...

І.В. Так, кожнага разу прыхожу на Фестываль, а мяне там ужо нехта шукае, пытаюцца, што новага.

А.К. Твае калежанкі па Таронтаўскай Гільдыі вышывальніц з захапленьнем распавядаюць у блогах, якія цікавыя, унікальныя твае дызайны, адрозныя ад таго, што яны прызвычаіліся бачыць, як хутка, літаральна на іхных вачoх, ты зрабіла такі ашаламляльны прагрэс, і як яны ганарацца табой. Ставяць цябе на ўзровень самых знакамітых дызайнерак Канады. Гэтак твaя сяброўка Розмары, калі мы, разам з тваім сынам Антосем, наведвалі Таронтаўскую Гільдыю ў ''Дзень адкрытых дьвярэй'', хвалілася нам у размове: ''Нашая Taронтаўская Гільдыя вельмі адметная (specific) у параўнаньні з іншымі. Чаму? Бо ў нашай гільдыі ёсьць такія сябры, як Барбара Керш'ю, Даяна Скот, Ірына Варабей. Бо гэтыя мастачкі – яны іншага ўзроўню. Яны – дызайнеры, яны маюць кампаніі, яны публікуюцца (часопісы, баршуры, кнігі), яны выкладаюць..."

І.В. ...Тут я захлынулася тым, што яна мяне побач з Барбарай паставла...

А.К. А Розмары працягвае: " Так, Ірына, так! ... У цябе ёсьць кампанія. Ты публікуецeсься ў часопісе. Ты даеш класы. А гэта - зусім іншы ўзровень. Шмат у якіх гільдыях такіх адметных, такога ўзроўню людзей няма. Ты – наш гонар на ўсю Канаду!"


І.В. Яны ўсе мне шмат дапамагалі. Проста пхалі мяне наперад. Я ім вельмі ўдзячная. Бяз іх нічога б і не было. Я  пра  гэтa ім і сказала. Проста вышла да мікрафону на студзеньскім паседжаньні, i распавяла, што гэта ж сёньня якраз 10 год, як я прыйшла ў Гільдыю. І для мяне гэта - маё сьвята, мой юбілей. Натуральна, я дзялю яго з імі. ... Узгадала, як я ішла туды першы раз. Каленкі трэсьліся. Ото ж – нейкая эмігрантка з ламанай ангельскай... Страшна... А ведаеш, як мяне прынялі? Як быццам доўга-доўга мяне тут чакалі. Мне нават апякунку прыставілі, каб тлумачыла ўсё, дапамагла адаптавацца. А Іка Джэкавіч адразу ж падхапіла ад мяне адзін сымбаль для адзначэньня Дня Маці. Усе яго вышывалі... Дык Іка – яна наагул "хросная маці" маёй кампаніі. Я ёй гэта таксама сказала тады.

А.К.: Твая сяброўка Ірына Аксёнава распавяла, як аднойчы цябе прымалі ў адной з крамаў для вышывальніц. Вы неяк зайшлі туды разам, і спачатку на Вас не звярталі ўвагі, пакуль ты не заўважылi мімаходзь, што вось, маўляў, у гэтым часопісе апублікаваны твае работы.  Яны, як даведаліся, што ты - тая самая Ірына Варабей з таго самага "Spirit of Belarus" – ня ведалі, дзе цябе пасадзіць, як абслужыць!

І.В. Ну, было такое (сьмяецца). Гэта была адна дальняя крама, я там рэдка бываю. Бо, напрыклад, ў краме “Gittas” – самай буйной у Антарыё – мяне добра ведаюць асабіста. У 2013 г. яны  нават запрашалі мяне  разам з іншымі самымі вядомымі дызайнеркамі з Антарыё на праграму "Дызайнер месяца".

А.К. А што за праграма?

І.В. Кожны месяц у залі крамы рабілі прэзентацыю аднаго з вядомых дызайнераў Антарыё, якая ўлучала выставу работ, продаж схем да іх, сустрэчы з дызайнерам, варштаты. Я тады давала там свой першы варштат па беларускай тэхніцы (і напэўна, самы першы беларускі варштат у Канадзе, прынамсі, пра іншыя я ня ведаю).

А.К.: Дарэчы, пра выставы. Ты ладзіш іх яшчэ і па-за гэтым знакамітым Фестывалем рукатвораў. Колькі і дзе сталася зладжанымі іх?

І.В. Ой, Алесь, ня тое, каб я іх сама ладзіла. Дастаткова таго, што мяне часта запрашаюць на ўсялякія імпрэзы. У вышывальніцкіх колах  ладзіцца шмат рознага кшталту шоў, выставаў, дэманстрацый. Гэта  бывае і поўны дысплэй з усімі маімі работамі, а бывае – толькі часткова, тэматычна, супольна з іншымі дызайнерамі. Я не магу зараз наўскідку ўзгадаць усе. Але пра іх распавядаю на сваёй старонцы ў Фэйсбуку і ў сваім Блогу.



А.К.: Гэта ўсё выставы ў канадыйскім асяродку. А свае, беларусы Таронта, Манрэалю, Атавы, твае работы бачылі?

І.В.: Толькі тыя, што прымалі удзел у Сустрэчах Беларусаў Паўночнай Амерыцы ў Кліўлендзе, Саўт Рыверы, Ню Ёрку.

А.К. І ніводнай выставы, напрыклад, ў нашым Беларускім цэнтры ў Таронта? Чаму?

І.В. Я, Алесь, заўсёды з задавальненьнем прымаю запрашэньні на імпрэзы ад усіх этнічных суполак. Два разы ўдзельнічала ў знакамітай якуцкай “Юрце Міра” у Metro Hall, у расейскай “Born in the USSR”, прыняла ўдзел у Сьвяце вуліцы Atlantic у Ню Ёрку, украінскім фестывалі, татарскім Сабантуі, прывозіла работы ў Гайлянд-Парк (ЗША). Нават студэнтам не адмаўляю ў іхных Днях Нацый...

А.К. А ў сваёй айчыне прарока няма. ...Іра, твае калежанкі па Гільдыі ўвесь час распавядаюць пра цябе, што ты ня проста  вышывальныцa, але і ў першую чаргу, дызайнеркa. У чым тут розьніца? Што гэта такое – дызайнер на вышывальніцкай дзялянцы?

І.В. У тым, што дызайнер – гэта, як ужо казалася, іншы ўзровень. Гэта той, хто
Вось яны - 'залатыя рукі' Канады.
Сябры Гільдыі
канадыйскіх дызайнераў
стварае схемы для вышыўкі. Ну, вось
ты займаецeсься вышываньнем. І ты хочаш вышыць такую карцінку, і табе патрэбная для гэтага схема, як яе вышываць. Вось я раблю такія схемы. Спачатку сама вышываю карцінку-мадэль, а тады раблю да яе чарцёж, інструкцыю – схему. Іх набываюць канадыйкі, амерыканкі - і вышываюць па іх розныя штучкі для свайго ужытку. Набылі яны, значыць,  мае схемы, патрымалі ў руках, пачыталі артыкулы-анатацыі, мо' хто палез у Сеціва даведацца болей пра цікавую краіну Беларусь... Але галоўнае – на працягу месяца, двух, а то й болей (каторыя і год:)) – яны будуць тое ВЫШЫВАЦЬ, ды ўсё з думкамі пра нашу Беларусь. Потым ці то павесяць гэта на сьценку ў хаце, ці камусьці падораць – і тады нехта яшчэ даведаецца пра нашую цудоўную краіну. Болей за тое, шмат якія з  работ стануцца пакінутымі іхным дзецям-унукам у якасьці спадчыны. А паколькі вышыўка - гэта дзея магічная, то чалавек сваімі думкамі падчас работы аб беларускім дапамагае ствараць духовы эгрэгар для Беларусі...
Думкі пра  гэтa і натхняюць мяне ўтрымоўваць такую справу як дызайнерская кампанія “Spirit of Belarus”.

А.К. Аднойчы ты ўзгадвала пра напісаньне "Belarusan Nizanka Online Step-By-Step Tutorial" - то бок, падрабязнае, пакрокавае інструкцыі для пачаткоўцаў, што жадаюць самастойна навучыцца тэхніцы "Беларуская нізанка". Бо, перш чым пачаць выкладаць ў сваіх крамах дызайны, зробленыя ў гэтай тэхніцы, ты мусіла б навучыць людзей, як яе вышываць - паказаць і патлумачыць асноўныя швы і метады. Тады ты меркавала, што атрымаецца амаль што невялічкая кніжка, са здымкамі, схемамі і г.д. І яшчэ ты марыла выкласьці гэты "Туторыял" ў Сеціве па розных рэсурсах, каб яго магчыма было спампаваць кожнаму. На якім этапе гэтая справа цяпер?

І.В. На сёньня я скончыла сваю "кнігу" - Туторыял па беларускай тэхніцы "нізанка". На гэта пайшло ўсё маё лета 2015 г. ... Кнігу магчыма паглядець тут

Скажу так, гэта – "кніга жыцьця"... Mагчыма, дзеля яе мяне й прыгнала ў Канаду.
Бо пройдзе час, пайду я, забудуцца мае дызайны. Згубяцца і тыя мае вышыванкі, што зроблены ў нізанцы. А тэхніка з назвай "Belarusan Nizanka" застанецца навек... Гэтак жа, як існуюць у сьвеце тэхнікі Japanese Sashiko, Norwegian Hardanger, Swedish Weaving, нават Ukrainian Merezhka.
Вывесіла яе ў свае крамы толькі ў кастрычніку 2015, бо была занятая другім праектам. Гэты праект прапанавалі ў Брытанскай Калюмбіі. Там маюць зрабіць дэманстрацыйны дысплэй з рознымі відамі тэхнік для адукацыі. Я вырашыла зрабіць дызайн з беларускай нізанкай, каб і яна была там прадстаўленая. Гэта вельмі цудоўны шанец для знаёмства з беларускай тэхнікай і для зацьверджаньня назвы "Belarusan Nizanka".

А.К. “Belarusan Nizanka Tutorial” ўжо апублікаваны ў інтэрнэтных крамах кампаніі “Spirit of Belarus”? І ёсьць ужо нейкія вынікі? Мо' ідзе продаж?

І.В. Ты забыўся – я не прадаю яго. Людзі могуць спампаваць яго бескаштоўна.
Мушу сказаць, што зь ім зрабіўся нейкі нечуваны для мяне “выбух інтэрнэту”. У Фэйсбуку маю абвестку аб ім наведалі за суткі 3 тысячы чалавек, за тыдзень – болей за 6 тысяч. За першы тыдзень “Туторыял” спампавалі з крамы 35 чалавек з 15 краінаў сьвету. Упершыню да маіх карыстальнікаў далучыліся такія краіны як Паўдзённая Карэя і Беларусь (усьміхаецца).

А.К. Ірына, дазволь вярнуцца ў самы пачатак твае вышывальніцкае эпапеі тут, у Паўночнай Амэрыцы. Што сталася пачаткам? З чаго пачаўся ўдзел у выставах у Канадзе?

І.В. Пра пачатак майго ўваходу ў канадыйскае вышывальнае жыцьцё я ўсё мару напісаць сама,  ды бачыш, рукі не даходзяць.
Дык вось. Нехта неяк, даведаўшыся ў размовах, што я там нешта сабе вышываю, запытаўся, ці ведаю пра традыцыйны Фестываль рукатвораў ў Таронта, дый даў мне інфармацыю пра яго. І вось ўвосень 2004г. я упершыню туды трапіла.  Гэта быў шок для мяне. Ужо другі. Бо першы адбыўся, калі я ўпершыню зайшла ў вышывальную краму.... Там, на фестывалі, я здабыла інфармацыю пра Таронтаўскую Гільдыю. Праз колькі месяцаў набралася сьмеласьці і прыйшла туды. Прынесла паказаць свае працы. Каб ты мог уявіць сабе, як мяне там сустрэлі! ... Трапіла я туды таксама ў адметны час: у гэты год таронтаўцы прымалі Семінар, які Канадыйская Асацыяцыя ладзіць штогод у розных гарадох Канады (Таронтаўская гільдыя і іншыя гільдыі –  сябры гэтае Асацыяцыі). Я з захапленьнем назірала, як зладжана працавалі жанкі - арганізатары – як у іх усё дакладна, разьмеркавана. Як у войску. Але тут здарылася, што на самым напярэдадні Сэмінару ў іх не апынулася фатографа. Я прапанавала свае паслугі, і мяне “залічылі ў штат”.

А ў якасьці бонусу (акрамя пропуску на ўсе мерапрыемствы Семінару ўлучна з заключным банкетам) я мела цэлы асобны стол для дысплею сваіх работ на шоў-выставе. Я прынесла толькі тыя работы, што былі зроблены на беларускую тэматыку. І вось хаджу сабе па залі, такі штатны фатограф, бачу ўсіх, хто прыходзіць на выставу, хто што кажа. І адзначаю між іншым рэакцыю кожнага, хто падыходзіць да “майго” стала. І бачу, як ім цікава! Як гэтыя арнаменты абуджаюць у іх нейкія свае ўспаміны!.. Падыходжу. Пачынаем размаўляць – і я пераконваюся, што этнічная тэма – гэта тое, што яны зараз падсьвядома шукаюць для сябе, наеўшыся ўжо гэтым сваім віктарыянскім стылем. Нехта спытаўся, ці маю схемы да тае ці іншае работы... 
І пайшло...
Вокладка буклета са схемай
Зладзіць схемку – гэта не так сабе справа, ня проста чарцёжык накрэмзаць. Трэ' ўсё аформіць поўным буклетам з інструкцыяй, уводным тэкстам, колеравай схемай. І не так сабе, а цывілізавана, маркетынгава. Назоў кампаніі, лагатып, слоган, адметны стыль дызайна саміх буклетаў.
Трэ' было вучыцца даваць інструкцыі на ангельскай мове. Вучыцца самой мовы: тэрміналогіі, слэнгу, афармленьню ўсяго буклету – каб ўсё тое мела камерцыйны выгляд. У гэтай сувязі мушу назваць імя - Іка Джэкавіч (Ietje Jakovich) – дызайнерка, мая сяброўка па Гільдыі. Яна кантралявала ўсё, да кожнай коскі, заадное навучала, дапамагала. Адначасова, паралельна з распрацоўкай ідэі сваёй кампаніі, я працавала над дызайнамі.
Іка Джакавіч дапамагае
мне весьці варштат па нізанцы
ў Таронтаўскай гільдыі

Далей больш. Захапілася новымі тэхнікамі. А як інакш? Мы ў сябе там толькі крыжык і ведалі. Я нават не падазравала аб існаваньні столькіх спосабаў “маляваньня ніткамі”. Шторазы прыходзіш на паседжаньне Гільдыі – а там традыцыйны пункцік агенды – “show-and-share (пакажы-і-падзяліся)” – гэта кожная прыносіць паказаць, што яна навышывала. Столькі ўсяго цікавага! А потым майстар-класы па розных штучках-дручках... Я са сваім крыжыкам і сумелася... Вось і захацелася паспрабаваць, а што як зрабіць дызайны ў розных тэхніках, але на падставе беларускіх арнаментаў.  Так выпрацаваўся ў мяне свой стыль – такі “этна-мадэрн”.

Калі ў мяне сабралася ўжо прыстойная калекцыя работ і схем, на чарговым
З Карлай Каноніка
Фестывалі, увосень 2008г., Іка пазнаёміла мяне з рэдактаркай адзінага канадыйскага часопіса для рукатворніц ''A Needle Pulling Thread'' Карлай Каноніка (Carla Canonico). Тая проста схапіла мае буклеты вохапкам, прыціснула да грудзей: “Гэта тое, што трэба!..” Першая публікацыя была запланавана на вясну 2010г. Але прыняць удзел у Фестывалі ў якасьці дызайнера-карэспандэнта часопіса Карла запрасіла ўжо ўвесну 2009 г. Вось ад таго часу і ўдзельнічаю ў кожным Фестывалі.
Ад восені 2008 г., калі ад імя кампаніі ''Spirit of Belarus'' падпісала дамову з часопісам, я і адлічваю пачатак яе існавання. 

А.К. Ці магчыма у якімсьці сэнсе аднесьці  ''Spirit of Belarus''  да разраду бізнэс-праэктаў?

І.В. Даволі часта у самых розных асяродках Паўночнае Амэрыкі ў дыскусіях, спрэчках паміж людзьмі самых розных катэгорыяў прасклізвае такая сэнтэнцыя, што ''Калі ты такі разумны (таленавіты), чаму ты не багаты? Посьпех ў Амерыцы вымяраецца прыбыткам''.
Я не працую на прыбытак, ён ня ёсьць маёй мэтай. Мэтай мастацтва ўвогуле ня можа быць прыбытак. Гэта нонсэнс... Прыбытак - гэта мэта рамяства. Мая мэта –  каб як мага больш людзей даведаліся пра Беларусь, атрымалі візуальны імідж яе – усё шляхам бачання маёй галерэі на шоў-выставах, у інтэрнэце, плюс – набыцьём схемаў для вышываньня тымі, хто ўмее гэта рабіць. ... Зрэшты, схемамі зарабіць увогуле немагчыма. Гэта ведаюць усе дызайнеркі ў Амерыцы. Калі каторыя зь іх зарабляюць - то гэта класамі, варштатамі, лекцыямі - на гэтым зарабіць можна. А схемы - гэта капейкі. Я шмат зь іх і так раздаю, дарую – мне галоўнае, каб пра Беларусь даведаліся. А матэрыялы для 'дэмо' на Фестывалі – увогуле ўсё раздаецца задарма - і схемкі, і канва, і ніткі...

Яшчэ адзін чыньнік. Я хацела давесьці, што беларуская тэма можа быць цікавай усяму сьвету. Шмат хто з нашых людзей ў гэта ня вераць. Нават саромеюцца свайго. Як толькі нейкі мастак, асабліва гэта характэрна для музыкаў, пачынае дасягаць у творчасьці высокага міжнароднага ўзроўню – ён паціху адыходзіць ад роднага, нацыянальнага: пачынае сьпяваць па-ангельску ... маляваць абстрактна ... абы сярмяжнага беларускага не было заўважна і ніхто не западозрыў, што ён выйшаў з лапцёзнай краіны. 
А я з гонарам паказваю нашае! У нашага народа столькі прыгожага назапашана! І яно - ЦІКАВАЕ людзям на Захадзе. Я давяла гэтае!

І ў рэшце рэшт, ня ''посьпех у амэрыканскім вымярэньні'' - мэта кампаніі, якую я стварыла.

А.К. Вернемся да таго, што табой выраблена ''не на продаж''. У тваёй калекцыі - партрэт Мітрапаліта Мікалая. Выява Першаярарха Беларускае Аутакефальнае Праваслаўнае Царквы выраблена ў 2004 г. З тае пары ты ні разу ня бралася за партрэт. Чаму той стаўся першым і адзіным?

І.В. Падчас прэзентацыі маёй выставы на 31-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі ў Брукліне у 2014г. мне таксама задавалі пытаньне пра гісторыю гэтага партрэта. Я патлумачыла, што ён - вынік маіх моцных уражаньняў ад сустрэчы з гэтым надзвычайным чалавекам. І вялікай шкады, што ведаць мне яго давялося такі кароткі час.
Гэтая работа – першае, што я стварыла з дапамогаю кампутарнай праграмы ў 2004г. То бок ёй ужо 12 гадоў. У стварэньне такога дызайну можна было кінуцца адно са сьмеласьцю пачаткоўца, які ня ведае наколькі гэта складаная рэч – партрэт. Цяпер за такую работу я, шчыра кажучы, не ўзялася б. 
Заўсёды гавораць пра дзівоснае партрэтнае падабенства гэтай работы. З гэтай нагоды мушу распавесьці пра адзін выпадак. Уяві сабе велізарную залю галоўнага Выставачнага комплексу Таронта. І ў ім маленькі буцік з маімі работамі. І вось бачу здалёк, кіруе да нас жанчына, заварожана не адрываючы вачэй ад стэнда. Падыходзіць дый кажа:
- Я ведаю гэтага чалавека.
- ??? - у нас з сяброўкай, маёй асістэнткай, разам адвальваюцца ськівіцы.
- У дзяцінстве бацькі вадзілі мяне ў царкву, і там служыў гэты чалавек. Але ён тады быў малады, а тут ужо ў такім сталым узросьце.
Мы з сяброўкай хорам:
- У якую царкву?!
- У беларускую. І там быў гэты сьвятар.
- Вашыя бацькі – беларусы?
- Так. І гаварылі па-беларуску, але я ўжо мала памятаю, адно асобныя словы...
Тады нас моцна ўразіла тая гісторыя...

А.К. Ірына, вядома, што у Антарыё пачала працаваць трохгадовае шоў-турнэ "Threadworks", у якой прымаюць удзел і твае вышыванкі. Як ты сама казала: "Калядная Каза" з "Беларускай Нізанкай" пачалі сваю вандроўку па Антарыё ". Ты не магла б патлумачыць, пра што гаворка?

І.В. "Threadworks" - "выстава выключна крэатыўных работ мастакоў з усёй Канады",  якая ладзіцца штотрыгады. Работы адбірюцца на конкурснай падставе. Акрамя саміх вырабаў трэба да іх прыкласьці і кароценькую анатацыю з тлумачэньнямі, што там навышывана.
Дарэчы, у гэтым Шоў удзельнічаюць ня толькі (і ня столькі) вышыванкі, але і пэчўорк, і пацеркі, і змешаныя тэхнікі – усё, што робіцца іголкай зь ніткамі.  Звычайна зь некалькіх соцен работ выбіраюцца каля пяцідзесяці. Сёлета іх абрана 45.

Я падавала на конкурс дзьве работы. Абедзьве яны трапілі ў Шоў.
1.Работа "Калядная Каза", выкананая ў зьмешанай тэхніцы: нітаграфікі (canvaswork), вынітаваньне (String Art), чорным-па-белым (Blackwork), шыцьцё золатам (Gold Work), пацеркі (Beads work), беларуская нізанка (Belarusan Nizanka). Ніткі розныя: шоўк, бамбук, металік...
2. Пано "Кругі на вадзе", выкананае выключна беларускай нізанкай (Belarusan Nizanka). Хацелася ў поўнай моцы прадставіць беларускую нізанку.

Гэта вельмі прэстыжнае шоў. Кожнага разу гэта – падзея ў "ніцяным" мастацтве. Да прыкладу, у нашай Таронтаўскай гільдыі мае каляжанкі заўсёды надавалі яму асаблівую ўвагу і марылі туды трапіць, жылі "ад конкурсу да конкурсу". Трэба сказаць, што мы ганарымся, што работы Таронтаўская гільдыі заўсёды былі там прадстаўленыя. І вось сёлета толькі мае дзьве работы з усёй Гільдыі, ды й з усяго Таронта ўвогуле, туды трапілі.
Трэба адзначыць, што сярод тых 45 адабраных для выставы экспанатаў, чыста вышывальных работ (тое, чым займаюся я) - толькі дзесяць. І сярод іх - дзьве мае.


А.К. А каго ці што лічыш за ўзор?

І.В. Алесь, а табе і нашым чытачам амерыканскія, канадыйскія імёны што-небудзь скажуць? Беларускіх жа мы ня маем. ..Ну, вось Тэрэса Венцлер (Teresa Wentzler). Гэта ейныя схемы я купіла першымі і вышывала па іх, тады ж пастанавіўшы, што зраблю і свае падобныя, але на беларускую тэматыку. Лінда Лачансе (Linda Lachance) і Кэрол Мітчэл (Carol Mitchel) – абедзьве ствараюць у тэхніцы нітаграфікі (canvaswork) – але першая ўражвае мінімалізмам, другая – складансьцю і шматвымяральнасьцю дызайнаў. Мая сяброўка Марыя Голек (Maria Gollek) – я паабяцала ёй, што зраблю беларускую мадонну ў ейную калекцыю этнічных мадонн, створаных у зьмешанай тэхніцы “чорным-па-белым” і нітаграфікі. Барбара Керш’ю (Barbara Kershew) – на ейныя “белым-па-белым” гляжу з зайздрасьцю, і ўжо спрабую свае іголкі ў гэтай тэхніцы. Таня Берлін (Tania Berlin) – гэта проста геній дызайна... Іх так шмат - дызайнераў, работ, шэдэўраў – якімі я захапляюся! Прыйдзеш на Фестываль – вочы разьбягаюцца!

А. К. Зараз дазволь зьвярнуцца да тэмы пісьменства. Напрыканцы прадмовы да кнігі Кастуся Акулы ''Змагарныя дарогі'', што сталася выдадзенаю ў Менску ў 1994 годзе, Уладзімер Арлоў паведамляе, ''...што знайшоў, здаецца, свайго перакладчыка і першы і пакуль адзіны ангельскамоўны раман пісьменьніка ''Tomorrow is Yesterday'' [у Канадзе надрукаваны ў 1968 г. - А. К.], дзе нямецкія фашысты і расейскія бальшавікі паказаныя аднолькава небясьпечнымі ворагамі Беларусі…''.
Праз чатырнаццаць год у 2008 г. ў Менску друкуецца ''Заўтра ёсьць учора'' з серыі ''Бібліятэка Бацькаўшчыны''. Перакладчык - Ірына Варабей. Ты можаш праліць сьвятло на тое, чаму ў рэшце рэшт сталася менавіта так, што табе давялося працаваць над перакладам кніжкі Кастуся Акулы ''Заўтра ёсьць учора''?
Заўтра ёсьць учора

І. В. Я ня ведаю, каго ў 1994 г. меў на ўвазе паважаны спадар Уладзімер Арлоў. Вітаўт Мартыненка ў сваёй рэцэнзіі да майго перакладу потым казаў пра некалькі спробаў. Адну зь іх (ня ведаю, чыю) сам Кастусь быў паказваў мне - і гэта сталася адным з чыньнікаў, які ўмацаваў мяне ў маім рашэньні ўзяцца за пераклад. Да яго я прыступіла недзе ў 2005 г. Тое было асабістым выпадкам, нават эпапеяй майго жыцьця. Тая праца забрала шмат унутранае энергіі, ня кажучы ўжо пра час. Трэ' было спачатку ўвайсьці ў стыль Кастуся Акулы, часткова стaць віртуальным Акулам. Бо патрабаваўся ня проста пераклад, варыянтаў якога аб'ектыўна магчыма быць шмат, але той, што быў бы найбліжэй да мовы аўтара. Кажу ''найбліжэй'', бо давесьці дакладна да мовы Акулы, напэўна, змог бы толькі сам Акула.
Да таго, як узяцца за пераклад, я прачытала ўсяго Акулу, якога змагла знайсьці. І не таму, што я планавала яго перакладаць, а таму, што ён проста быў мне цікавы.  Жыве такая глыба побач з табой, такая Постаць – ну, як жа не прачытаць яго?
Чаму ўзялася за пераклад? Ідэя перакладу віравала ў паветры. Я была спыталася яго аднойчы, чаму ён яго сам не пераклаў. Ну, дзіўна ж – гэта так проста – узяць перапісаць тое ж самае на родную мову... А ён мне адказаў: ''А я не магу. Пісаць магу. Па-беларуску. Па-ангельску. А перакладаць не магу. Тут адмысловы дар патрэбны. У мяне яго няма.''
Яшчэ адзін чыньнік – нашае сяброўства, нашае сумоўе з Кастусём. У тыя часы мы зьбіраліся ў яго ўдома амаль штотыдня. І я тады вырашыла, калі ня я - той, хто побач з ім і ведае яго і ягоны стыль, гаворку - то хто?  Я і цяпер яшчэ ''чую'' ягоны голас. І калі ты пытаецeсься, як я ''трымалася стылю'', скажу, што проста старалася пачуць голас Кастуся, як бы ён вымавіў гэты сказ. І заўсёды чула яго. Толькі вось шкада, што Кастусь так і не пасьпеў убачыць тую кніжку на беларускай...


А.К. Іра, а, навогуле, як і калі ты пачала займацца творчасьцю: пісьменствам, вышываньнем?  Адкуль пайшлі першыя штуршкі да першага й другога?

І.В. Заўсёды бянтэжуся такім пытаньнем. Лёгка сказаць, што ўсім (і пісьменствам, і вышываньнем, і фатаграфіяй, дарэчы) пачала займацца ў Канадзе. Але з усім гэтым я мела нейкі свой досьвед яшчэ ўдома ў Беларусі. У юнацтве нешта пісала (вельмі хацелася пісаць, аж у руках сьвярбела), але ўсё пад падушку, бо сваю пісаніну пісьменствам не ўважала. У дзяцінстве навучылася вышываць, як усе дзяўчынкі, і так мне гэта спадабалася. Але схемак было не дастаць, і я спрабавала рабіць свае – малявала на клятчатым аркушы. Вышываць хацелася таксама аж да сьвербу ў руках, але так і не давялося, бо прыйшлося шмат рабіць на прутках (вязаць), каб займець нейкі дадатковы прыбытак.
Па-сапраўднаму вышываць выдалася ўжо тут у Канадзе. Штуршкоў ніякіх не было. Я з гэтай марай – вышываць – сюды так і ехала . Нават яшчэ  мроілася нешта такое... неакрэсьленае, бо ніякага ўяўленьня ня мела, як гэта ладзіцца ў чужой краіне ... як бы гэта ствараць самой схемы для вышыўкі для кампаніі, што іх прадае. У першыя ж дні знайшла краму, спецыялізаваную для вышывальніц, набыла ніткі, схемы, пачала вышываць. Потым у адным часопісе ўбачыла рэкламу кампутарнай праграмы для стварэньня схем вышыўкі крыжыкам. Скажам так, маё засвойваньне кампутара ды ангельскай мовы адбывалася менавіта праз гэтую праграму.

Штуршком да пісьменства ў Канадзе зьявілася таронтаўская газэта “Беларускае слова”. Памятаеш той час –- мы ўсе сабраліся тады разам у адметны час, у адметным мейсцы: Надзя Дробіна, Віялета Кавалёва, Валя Шаўчэнка, Іра Шарамет, Жэнька Малашчанка, Воля Яноўская, Філіп Тананка... Ідэі пырскалі фантанам. Заклалі “Яваровых людзей”, газету, тэатар... Я пачала дапамагаць Віялеце з газетай, зьбіраць матэрыялы, ну і сама пісаць  для газеты. А паралельна, на курсах ангельскае мовы, сабралася цікавая група студэнтаў і настаўнікаў. І вось там нашыя  дыскусіі ды тэмы для хатніх сачыненьняў ператвараліся ў мяне ў сапраўдныя эсэ. Па-ангельску. А потым я іх перакладала на беларускую. А потым перакладала  тыя свае эсэ, што былі для газеты, з беларускай на анельскую. Аповед “Брат родны. Брат малочны” [за гэты аповед І. Варабей сталася прынятай у Саюз Пісьменьнікаў Беларусі – А.К.] быў напісаны першапачаткова па-ангельску адмыслова для маіх сябраў-настаўнікаў ангельскае мовы.  
Кастусь Акула расказваў, што было і штуршком, і ўзорам для яго. У школе, дзе ён навучаўся, захварэў настаўнік гісторыі, і на лекцыю падмяніць яго прыйшоў дырэктар, і каб заняць чым-небудзь дзяцей пачаў проста чытаць уголас раман “Спартак”. А фішка была ў тым, што раман быў напісаны (перакладзены) на беларускай мове. Дык вось Кастусь тады і пастанавіў сабе, што навучыцца гэтай найпрыгажэйшай мовы і будзе пісаць гэтак жа прыгожа, а можа нават і лепш.
Вось і я - узяла пачытаць, што ж там наш Кастусь напісаў. Пачытала ягоную “Гараватку”, і тады я, выпускніца беларускай філялёгіі, зразумела, што мне гэтай найпрыгажэйшай, найбагацейшай мовы яшчэ вучыцца і вучыцца. 
Апошнім часам я не пішу. Але займаюся перакладамі, збольшага з канадыйскай індзейскай літаратуры.

А.К. Індзейская літаратура? Цікава, гэта ці ня новая тэма ў беларускай перакладніцкай літаратуры? І дзе твае пераклады можна пачытаць? Яны публікаваліся?

І.В. Мне тут казалі, што ''індзейцы загаварылі па-беларуску ўпершыню пад маім пяром''. Можа, і так. Мае пераклады публікуюцца рэгулярна ў ''Беларусе'' – альманаху беларускіх пісьменьнікаў замежжа. Некалькі апавяданьняў з кнігі ''Легенды Ванкувера'' былі надрукаваны ў ''Дзеяслове''. Але разам усіх можна знайсьці ў маім блогу ''Згубленая выспа'', дзе я проста публікую ўсе свае пераклады ''зь індзейскага''.
А кніга ''Легенды Ванкувера'' ўжо цалкам гатовая да выданьня.

А.К. Нават так? Калі яна выйдзе ў сьвет?

І.В. Кніга праграмнай канадыйска-індзейскай пісьменьніцы Паўлін Джонсан ''Легенды Ванкувера'', напэўна, ужо ня выйдзе ніколі. Яна яшчэ гадоў сем таму ўжо ляжала ў тыпаграфіі ў Беларусі, але... нешта там ''зламалася''. Калі я гэта зразумела канчаткова, я зрабіла электронны варыянт кнігі і зьмясьціла яе ў інтэрнэце. Можна чытаць. Спадзяюся, чытачам спадабаецца –- там шмат ілюстрацыяў, нават ёсьць мапа з адзнакамі, дзе знаходзяцца тыя мейсцы, аб якіх ідзе гаворка ў той ці іншай легендзе, і сучасныя фотаздымкі тых мясьцін. Кнігу можна чытаць, спампаваць тут. Або тут.

А.К. Як асоба, якая ці ня з пятае клясы школы ў Беларусі цікавіцца фотаздымкаю, рэгулярна праглядваю тваю вялізарную фотагалерэю, дзе шмат цікавых, арыгінальных й проста прыгожых здымкаў. Якія дасягненьні ў гэтай дзялянцы? Чаму з цягам часу ты адыйшла ад актыўнае фотаздымкі? Нецікава гледачам ці табе самой?

І.В. Так, быў перыяд, калі даволі шчыльна займалася фатаграфіяй, нават з адносным посьпехам. Так, у 2008г. і 2009 г. я двойчы выйгравала ў фотаконкурсах нацыянальнага часопіса “Canadian Geographic”. Атрымала прызы. Адзін здымак быў надрукаваны ў часопісе. У лепшай якасьці яго можна ўбачыць тутДарэчы, гэта мой профіль у беларускім фотаклубе.

Другі ўдзельнічаў у адмысловай Выставе ў Отаве. Цікава, што я, натуральна, у Отаву не паехала на яго глядзець ... але яго там выпадкова ўбачыла ... Івонка Сурвілла.
J Яна прыйшла з сябрамі наведаць Выставу і бачыць – цікавы здымак, чытае імя аўтара -– о! ажно і тут беларусы руляць! J ...Яна, захопленая, напісала мне тады емэйл, павіншавала.

А.К. Цябе, напэўна, усе віншавалі?
І.В. Не-а. Ніхто.
А.К. Чаму??
І.В. А ніхто ня ведаў. ... Не расказвала нікому (паціскае плячыма) ... Я тады ў Фейсбуку яшчэ не была (сьмяецца).

У 2010г. у конкурсе  “Canadian Geogrаphic” перамог яшчэ адзін мой здымак Але ў момант, калі трэба было дасылаць ім файл-арыгінал, я знаходзілася на котэджы. І не дала рады. Цягнік пайшоў...)

У 2008 г. выйшла канадыйская кніга-альбом пра таронтаўскую раку Гамбэр. Здымкі для ейнага выдавецтва адбіралі на конкурснай падставе. Абвесьцілі звычайны фота-конкурс. У кнігу ўвайшлі 6 маіх здымкаў. Я атрымала свой экзэмпляр прыгожага таўшчэзнага фота-альбома, разам з лістом-падзякай.

Нядаўна прыйшла прапанова з “The Royal Canadian Geogrаphic Society” выкарыстаць адзін з маіх здымкаў пры распрацоўцы іхнае візітнае карткі.
У знак падзякі яны выслалі мне выдадзены часопісам новы вялізны ''Атлас Канады'' (“Atlas of Canada”).

Але з цягам часу, як пашыралася мая дзейнасьць з кампаніяй “Spirit of Belarus”, яна вымагала ад мяне больш і больш часу. У мяне ўжо не стае ні творчых, ні проста фізічных магчымасьцяў займацца пісьменствам ці фатаграфіяй напоўніцу, як зрэшты, і грамадзкай працай. Даводзіцца растаўляць прыярытэты і ахвяраваць менш істотным дзеля больш важнага.

А.К. Ці наведвае цябе іншым часам пачуцьцё перамогі? Калі і зь якой нагоды?

І.В. Такое пачуцьцё мне знаёмае. Апошнім разам цешылася ім у юнацтве, калі займалася спортам, ды працавала трэнерам.  У цяперашнім жыцьці яно мяне не наведвае, бо я да яго і не імкнуся. .... Памятаеш, быў такі персанаж у фільме “Обыкновенное чудо” – паляўнічы з навучэнцамі. Ён ужо даўно не палюе, бо часу ня мае, бо ўвесь час выдаткуе на збор сэртыфікатаў пра тое, які ён выбітны паляўнічы. Дык вось, між сэртыфікатамі і паляваньнем я выбіраю паляваньне. Я хачу паляваць: вышываць, дызайніць, перакладаць... Мне падабаецца сам працэс. Я насалоджваюся ім. І ў гэтым працэсе неяк ня бачу ні месца, ні сэнсу для спаборніцтва, суперніцтва, а значыць, і перамог. Я ня ведаю, каго, як і ў чым я перамагаю і ці трэба. ...Ёсьць, праўда, адно падобнае пачуцьцё, калі працуеш над новым дызайнам, новай ідэяй, тэхнікай... Ведаеш, дызайн у вышыўцы – гэта, як пазл – бывае чыста геаметрычная галавакрутка... Круціш-верціш яе... І тады раптам усё становіцца на свае месцы – і ты трыюмфуеш: еесс, усё сышлося, спрацавала!

Хаця.., Ты маеш рацыю, мушу паправіць сябе. Сапраўднае пачуцьцё перамогі ўсё ж адчуваю, калі напрыклад, на выставах нехта ўсклікне: “Ой, я ведаю гэтую дызайнерку! Гэта ўсё ў яе – беларускае!”... Калі мае навучэнкі перад варштатам пачынаюць робіць вышукі аб беларускай нізанцы і ўвогуле аб Беларусі, а потым такія пытаньні мне задаюць! – “А праўда, што Беларусь мае тысячагадовую гісторыю?”... Або вось незнаёмая мне амерыканка дасылае на маю cтаронку ў Фэйсбук здымак сурвэткі, якую толькі што набыла ў камісіёнцы, і яна хваліцца, што набыла яе менавіта таму, што пазнала ў ёй вышыўку беларускай нізанкай. Вось калі я даведваюся, як людзі ўжо пазнаюць беларускі арнамент, беларускі "visual image", вылучаюць яго сярод мноства іншых этнічных – і гэта дзякуючы іхнаму знаёмству з кампаніяй “Spirit of Belarus”, гэта для мяне – сапраўднае пачуцьцё перамогі.

 
А.К. І, як звычайна напрыканцы такога кшталту размоваў прынята запытвацца ў творчае асобы пра планы на будучыню.
І ці маюць мейсца цяжкасьці? Што, ці хто замінае дзейнасьці ў вышывальніцтве, пісьменстве? Ці бываюць моманты, калі ахоплівае роспач і апускаюцца рукі?

І.В. Плянаў – грамадзьдзё! Ведаеш, калі б мой рабочы скетч-нататнік быў папяровым, ён стаўся б памерам зь некалькі тамоў “Вайны і міра” (смяецца). Але ў мяне ўсё ў кампутары, усё – тэчкамі, тэчкамі... Я ведаю, што майго жыцьця на ўсе мае ідэі і праекты ня хопіць. І вось, калі пра гэта думаеш, “ахоплівае роспач, і апускаюцца рукі”. Я сьпяшаюся, каб хоць неяк пасьпець ажыцявіць хоць частку сваіх праектаў.

Цяпер пра цяжкасьці. Мне ніхто не замінае “паляваць”. Мо' толькі здароўе, ці, дакладней, яго адсутнасьць. Пад вечар (а то й папоўдні) чуюся стомленай, галава не працуе... Ну, халера з гэтым...
Але. Ёсьць адзін “замінальнік” – час. Ці, дакладней, таксама, яго адсутнасьць. Не хапае, халера...
А яшчэ “рукі апускаюцца”, калі як ні круці, але даводзіцца “зьбіраць сэртыфікаты”. А менавіта. Трэба займацца вэб-сайтам, рэкламай, інтэрнэт-крамамі, друкаваньнем, усёй папяровай работай, кампутарнай ды інтэрнэтнай працай, працай над новымі і новымі буклетамі. Каб хто іншы гэта рабіў, а я толькі дызайніла, то колькі яшчэ праектаў магчыма было б выканаць!..
Акрамя згаданага добры кавалак часу аддаецца на падрыхтоўку матэрыялаў практычна ў кожны нумар часопіса.
А ведаеш, колькі часу йдзе на самаадукацыю, на навучаньне? Шукаю сайты, кнігі, здымкі. Хажу па бібліятэках, спампоўваю, чытаю, спрабую – вучуся. Даганяю сваіх канадыйскіх калежанак, якія гэтаму зь дзяцінства вучыліся, курсы пасканчалі. Зьбіраю свой банк-бібліятэку. Трэ' было б заняцца і тэрміналогіяй – слоўнікам з ангельскай на беларускую. У нашай жа мове нават словаў такіх няма. Тое-сёе ўжо сама вынаходжу –прыдумваю.
Мяне адной на ўсё не хапае. Памятаеш, як Зіна [Старшыня БІНІМ у Канадзе Зіна Гімпелевіч. - А.К.] на Сустрэчы ў Саўт-Рыверы ў 2010 г. сказала, што ў нас кожны сябра Інстытуту – сам па сабе цэлы інстытут. Вось тут у мяне інстытут-майстэрня-студыя... І я ў ёй адна.

А.К. У кожнага свае мары. Чым асоба маладзейшая, тым яны ружовейшыя. Пра што марыць гаспадыня ''Spirit of Belarus''?

І.В. Першае. Мару пра гільдыю мастакоў, кшталту, як у Канадзе, але каб у Беларусі. Свой часопіс, вэбсайт-форум (і не адзін), база стыляў-тэхнік, бібліятэкі, курсы, майстар-класы, семінары, выставы, конкурсы, фестывалі... Таронтаўская гільдыя зьбіраецца штодваразы на месяц. І гэтага не хапае – жыцьцё кіпіць!
Другое. Каб усе беларускія жанчыны пабралі ў рукі свой найстаражытнейшы інструмент – іголкі. І пачалі тварыць.
Трэцяе. Кампанія “Spirit of Belarus” – не зачынены саміт. Хачу, каб у кампаніі зьявіліся яшчэ дызайнеры, мастакі, якія б працавалі пад гэтым брэндам. Маладзейшыя за мяне. Таленавіцейшыя. І ня толькі ў вышыўцы. Магчыма і ў пэчўорке, пацерках, лямцы, набіваньні дыванкоў – у любых відах рукадзельля. А вось – саломка, інкрустацыя, выцінанка. Тут нават ня ведаюць, што гэта такое...
Хачу вучняў, пераемнікаў. ...Бо я пайду – а што станецца з кампаніяй? ... Куды мае работы? Вось ад такіх думак іншым часам апускаюцца рукі...

A.K. Дзякуй за размову, шаноўная Ірына. I на сканчэньне з найвялікшай прыемнасьцю маю агучыць тое ж, што й з нагоды Вашaгa Дня Народзінаў:

''Каб іголкі ня іржавелі, й ніткі бясконца зьбягалі са шпулек на палатно, утвараючы новыя дыяманты Беларушчыны, што расквечваюць чопарны віктарыянскі стыль канадыйскага вышывальніцтва.

Здароўя й шчасьця праз радасьць бачаньня вынікаў свае ахвярнае працы, бачаньня захопленых паклоньнікаў Вашaгa мастацтва.

Трымайцeся. Час для выбуху Вашае сапраўднае славы яшчэ наперадзе. Памятайцe, што ёсьць людзі, якія ведаюць Bac, шануюць Bac й зычаць Baм толькі добрае. Сьвятло людзкое дабрыні абароніць Bac ад цемры зла.''

I.B. Яшчэ раз дзякуй, Вам, Алесь, за падтрымку справы ''Spirit of Belarus’’.
 ***

Замест эпілогу і дадатку

A.K. Напрыканцы маю нагадаць і пра тое, пра што Ірына Варабей не распавяла. Бо не распытваў, ведаючы пра тое й сам - пра ейную шматбаковую дзейнасьць у грамадзкіх структурах беларускага асяродку Канады. У мінулым яна абіралася і ў склад Галоўнае Управы ЗБК, была Сакратаром Рады Парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта, а таксама Сакратаром Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Канадзе (БІНІМ). Працавала ў газеце ''Беларускае слова'',  прымала ўдзел у арганізацыі беларускіх дыскатэкаў.

Але падрабязьней маю ўзгадаць пра дзьве істотныя падзеі, да якіх Ірына Варабей мела самае непасрэднае дачыненьне.

У 2002 г. Ірына Варабей была ўпаўнаважана Галоўнаю Ўправаю Згуртаваньня Беларусаў Канады прадстаўляць  арганізацыю ў грамадзкім шматэтнічным аб'яднаньні “Канадыйцы за Музэй Генацыду”. Падчас супрацы ў межаx аб'яднаньня Ірына навязвала кантакты з прадстаўнікамі іншых нацыянальных суполак краіны, абменьвалася зь імі інфармацыяй па тэме генацыда на тэрыторыі Беларусі.

Сталася так, што Ірына падрыхтавала матэрыял па тэме генацыду ў краіне Беларусь і падзялілася ім зь некаторымі калегамі па арганізацыі. Інфармацыя ўразіла, і яны выказалі думку адносна агучваньня яе ў выглядзе прамовы падчас мерапрыемстваў, што лазділа арганізацыя ''Канадыйцы за Музей генацыду''. Адная парада: добры, грунтоўны, але занадта ёмісты матэрыял трэба спрэсаваць, не губляючы сутнаснае, да памераў двух-трох бачынак. Бо на большае не дадуць часу, а сказаць трэба пра ўсё. Іншымі словамі, патрэбна ўсё выкласьці моваю ўлёткі – тэзісна і трапна. І каб слухалася з трыбуны.

Прапанова добрая, але як зрэалізаваць яе? У сьвеце столькі праблемаў, жадаючых агучыць хоць нешта пра іх так шмат, а з улікам таго, што беларусы далёка не на першых ролях у названай арганізацыі, ідэя на першы погляд магла падацца нерэальнаю.

У гэтай справе Ірыне дапамаглі ейныя добрыя стасункі з аўтарытэтнай ў арганізацыі, дый ва ўсёй Канадзе, асобай, выхадцам з Паўднёва-Афрыканскага Саюзу, у мінулым паплечнікам Нэльсана Мандэлы спадаром Ахмедам Мацьярам. Перапіска Ірыны зь ім і расповед аб беларускай сітуацыі пераканалі яго ў неабходнасьці таго, каб беларускі голас быў пачуты ў рамках імпрэзы ''Тыдзень генацыду''. Дзякуючы ягонай ініцыятыве і дапамозе кіраўніцтва арганізацыі прамова Ірыны была ўведзена ў агенду мерапрыемства.

І нарэшце, 31 сакавіка 2006 году з трыбуны паважнае арганізацыі, у Доме ЎрадуАнтарыё, прагучаў голас беларускага прадстаўніка. Ці ня ўпершыню з афіцыйнай трыбуны (у Канадзе) прагучала слова ''генацыд'' як вызначэньне палітыкі Крамля ў вадносінах да Беларусі.
Тая дзея Ірыны Варабей, зрэалізаваная пры мінімальных магчымасьцях, ёсьць Учынкaм зь вялікае літары асобы, маючай цьвёрдую грамадзянскую пазіцыю.

З паведамленьнем пра тую падзею і поўным тэкстам прамовы Ірыны Варабей магчыма азнаёміцца на сайце ''Хартыя-97''альбо на сайце газэты ''Беларус''

І пра другое, пра што ўжо амаль і ня ўзгадваецца. 
У  2007 г. ад нас адышоў  Мітрапаліт БАПЦ Уладыка Ізяслаў. Адначасна страціўшы свайго апошняга япіскапа БАПЦ змушана атрымала статус ''сіроцкай''. Фактычна паўстала пагроза страты ёю свае самастойнасьці і вымушанасьці ўваходу ў склад іншае праваслаўнае царквы (як адзін з варыянтаў - у склад Украінскае).

Шмат хто з неабыякавых да нашае Беларускае Царкоўнае Справы асобаў разумеў, што насоўваецца катастрофа, нешта непапраўна непажаданае, што навогул найгоршым чынам адаб'ецца на грамадзкім жыцьці беларускіх асяродкаў ў Сьвеце, цэнтарамі якога заўсёды традыцыйна станавіліся менавіта нашыя цэрквы: ці то ў Эўропе, ці ў Амэрыцы, ці ў Аўстраліі. Але ніхто нічога нідзе ня прадпрымаў. Як быццам уся Царква апынулася пад чарамі.

І да гонару беларусаў Канады менавіта наш прадстаўнік, на той час Старшыня Рады Парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта, праявіў ініцыятыву, ўзваліў на сябе цяжар арганізацыі выратаваньня склаўшаеся сітуацыі. Ягонае імя - Міхась Тапуноў. Менавіта ён зарганізаваў правядзеньне хіратаніі Айца Вячаслава ў япіскапы і наступнае абраньне яго на Саборы БАПЦ Першаярархам нашае Царквы.

Шмат чаго ў той справе зрабіла Ірына Варабей - на той час Сакратар Рады таронтаўскай Парафіі.
10 траўня 2008 г. самаход з Міхасём Тапуновым ды Ірынай Варабей заехаўў у Атаву за Старшынёю Рады БНР Сп-няй Івонкай Сурвілла і панёсься ў Ню-Ёрк, дзе на наступны дзень і адбылася дзея Хіратанізацыі. Як усё рыхтавалася, неаднаразова загадкава зрывалася і нарэшце адбылося, чаму ад Канады паехала менавіта згаданая група асобаў і ніхто болей, магчыма прачытаць у цікавым расповедзе Ірыны Варабей ''Зваротнай дарогі няма'' з фота-рэпартажам на ейным сайце:
Або на сайце газэты ''Беларус'':

Ірына тады зрабіла цудоўную фота-рэпартаж працэдуры Хіратоніі і склала цэлы альбом, што стаўся ганарова ўручаным Япіскапу Сьвятаславу.

Што адносна Рады БНР, то яна заўсёды падтрымлівала БАПЦ. У 1948 годзе Рада ўхваліла ідэю аднаўленьня БАПЦ на Чужыне. І менавіта у 2008 Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла сваёю асабістаю прысутнасьцю на Хіратоніі ў Ню Ёрку пацьвердзіла непахіснасьць пазіцыі Рады ў справе падтрымкі БАПЦ, зацікаўленасьць у існаваньні незалежнае Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы як неадлучнае часткі Адзінае Сьвятое Усяленскае Апостальскае Праваслаўнае Царквы.

Тое, пра што сапраўдны расповед, - нават ня ўчынак з боку чатырох паважаных асобаў. Подзвіг! І павінна стацца сказаным у голас - галоўная арганізацыйная і выканаўчая роля ў яго зьдзяйсьненьні належыць канадыйскаму беларусу Міхасю Тапунову. Пра гэта яшчэ людзі напішуць падчас склададаньня гісторыі БАПЦ...


... Але гэта ўжо іншае пытаньне - пра вяртаньне згубленых людзей...


* * *
       Напрыканцы маю выказаць сваё асабістае стаўленьне да тэмы.

Ірына Варабей - наш гонар. Яна ёсьць шчырай беларускай, таленавітай мастачкай, адданай Беларускай Справе асобай. Ірына - прыклад ахвярнае дзейнасьці па прасоўваньню Беларускае Культуры ў сьвет, падтрымкі Беларушчыны ў Канадзе і за яе межамі праз прадуцыраваньне ўнікальных вырабаў, удзел у вядомых выставах. Яна робіць тое самая, шчыра, моўчкі, выдаткуючы на гэтую працу ўсе свае энергію, час, сродкі.

Алесь Кот
Таронта, 2016