October 23, 2024

ANPT. Issue #64, 2023. "Кругі-на-вадзе" 4

 A Needle Pulling Thread, Issue #64 (2023)  Textures 

-публікацыя ў часопісе-

Ripples On Water 4.  

"Кругі-на-вадзе 4".

Я рада прадставіць сваю чацьвёртую работу з маёй серыі “Кругі-на-вадзе”. Гэтыя зачаравальныя ўзоры створаны на аснове беларускіх геаметрычных ткацкіх узораў.

Такія ўзоры выкарыстоўваліся для вырабу посцілак, габеленаў, ручнікоў і інш. Дызайн мае характэрны аптычны эфект і дзейнічае як мандалы, каб асвяжыць і зарадзіць назіральніка энергіяй.

Большасць з такіх узораў асацыюецца з вадой і крыніцай. У сваю чаргу, крыніца з’яўляецца сімвалам самой Беларусі. З часам гэтыя “вадзяныя” ўзоры  сталіся брэндам беларускай культуры

Набыць схему ў краме Etsy     

 Іншыя публікацыі ў ANPT 

------------------------------------------------

I am so happy to share with you this fourth installment of my Ripple On Water Series.  These mesmerizing designs are based on Belarusan geometrical weaving patterns.

Such patterns were used for making bed coverlets, wall hangings, towels and such. The designs have a distinctive optical effect and work as mandals to refresh and energize the observer.

Most designs are associated with water and a spring. In turn, the spring is a symbol of Belarus itself. Over time these waterlike designs became a brand of Belarusian culture. 

October 18, 2024

Удалечыні, на мове сэрца

 "Літаратура і Мастацтва" № 10 (4554) 12 сакавіка 2010 г., бачына 12

http://lim.by/limbyfiles/lim10.pdf


Сяргей Панізьнік. Гутарка з беларускай пісьменніцай у Канадзе Ірынай Варабей ...далей як Вас прадставіць?

Ірына Варабей. Можна сказаць: дызайнерка-вышывальніца.

С.П. Дзесяць гадоў таму вы пакінулі сімвалічнае радаводнае гняздоўе на Чэрвеньшчыне, цёплыя і астуджаныя шчылінкі мінскага побыту. І вось выпускніца філалагіччнага факультэта БДУ (аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры) піша ў канадскім горадзе Таронта: "Гэта ж трэба такое: апынуцца на іншым канцы свету, каб менавіта тут і загаварыць па-беларуску!" Якія ж асаблівасці Вашага пераходу з мовы хлеба на мову сэрца?

І.В. Беларуская мова ніводнага дня не была -- і ня ёсьць цяпер -- мовай хлеба. Тут такая справа: у юнацтве я актыўна займалася спортам (была нават неяк у зборнай Беларусі), і яшчэ пакуль вучылася на пятым курсе пачала працаваць трэнерам. І пасьля заканчэньня так і працягнула трэнерства аж на 14 гадкоў. ...А там ведаеце - там быў далёка не беларускамоўны асяродак.

Свае стасункі з дзяржаўнай філалогіяй я апісала ў сваім эсэ "Ўпартасьць кветак".

С.П. Да Вашага прыбыцця, спадарыня Ірына, у Канадзе жыло ці не 10 тысяч беларусаў. На сённяяшні дзень жыве ці не 100 тысяч з амаль 5 мільёнаў нашых суайчыннікаў, якія знаходзяцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь. Нехта з паязджанаў шчыльна зачыняе за сабой этнічныя дзверы, нехта пакутуе ад настальгіі. Чаму турботы аб надзённым хлебе не патушылі ў Вас пошукі "залатога вядзерца", у якім творчы экстаз натхнення, выпраменьванне наканаванасці лёсу?

І.В. Вы, здаецца, і самі разумееце, што ўжо далі адказ на гэтае пытаньне. Варта адно яго перафразіраваць: менавіта "залатое вядзерца" й не дало турботам аб надзённым хлебе патушыць - а дакладней распаліла - той творчы патэнцыял, якім надзяліла мяне мая бацькаўшчына. Ведаеце, я тут, сярод "старой" эміграцыі пачула выраз, які мне падаецца найбольш блізкім: "Мне баліць Беларусь".

С.П. Дзіўлюся Вашай апантанасці. Што па чарзе сыходзіла на Вас з нябёсаў: уменне ствараць уражлівы фотокадр, вышываць, пісаць прозу і вершы?

І.В. Гэта залежыць, пра які перыяд жыцьця Вы пытаецеся. У юнацтве я пісала і прозу, і вершы ("хто ж ня піша ў дзевятнаццаць год?..."), але ўсё пад падушку, яно і зараз там ляжыць. Вышываць я пачала ў восем год, нават спрабавала свае схемкі рабіць. Але потым усё зноў жа лягло пад падушку, бо усе мы кінуліся ў вязаньне, гэта было больш практычна. Але марыла вышываць праз усе гады. Нават калі ў Канаду ехала, былі такія закіды ў думках: вышываць, дызайны рабіць - усё на ўзроўні ружовых мараў... А фатаграфія нават ня ведаю, адкуль узялася. Мой бацька быў прафесійным фатографам-журналістам, ён і даваў мне першыя лекцыі. І я вось была гордай ўладальніцай славутай "Смены-8М". Далей сямейных альбомаў, праўда, не пайшло.

Ну, а ў Канадзе... Тут ужо ўсё неяк разам навалілася... :)

С.П. Вас прынялі ў сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў. А гэта ацэнка прафесіяналізму ў літаратуры. Але адна справа выдаваць кнігі ўласных тэкстаў (згадаем выданне "Кнігазбору" "Там, дзе сэрца маё"). А ці не цяжэй займацца перакладамі, у Вашым выпадку - на англійскую мову? Вы перастварылі "са сваёй ангельскай" на беларускую і наадварот. Загучала ў Вас па-англійску і "Найвышэйшая песня Саламона". Але ж Вамі выкананы пераклад кнігі Кастуся Акулы "Заўтра ёсць учора", якая лічылася бестселерам у англамоўных чытачоў. Дапамагло дабраславенне аўтара?

І.В. Я, разумееце, лінвіст па прыродзе сваёй. А пераклады -- гэта такая гульня лінгвіста. Я ўвесь час у яе гуляюся: а як гэта сказаць па-...

Ці дапамгло дабраславеньне Кастуся? Напэўна. Я думаю, Гасподзь нездарма нас зьвёў разам і даў нам некалькі гадоў сумоў'я. Мы былі патрэбныя адзін аднаму. Для мяне - ягоны добры літаратурны досьвед. Яму - суразмоўца ды аднадумца. Я ўсьцешваюся думкай, што, напэўна, дала яму такое неацэннае пачуцьцё несамотнасьці ў апошнія гады ягонага доўгага жыцьця.

С.П. Сёлета выходзіць Вашая новая кніга перакладаў -- "Легенды Ванкувера" канадскай індзеянкі Паўлін Джонсан-Тэкеянўакей. Для беларусаў - экзотыка? А чым растлумачыць такое прытуленне: спачуваннем да рэзервацыйнага лёсу індзейцаў у Канадзе, ці ўласнай гаркатой, што і родную літаратару мала ведаюць у свеце?

І.В. Для беларусаў індзейская літаратура - і экзотыка, і не. Нашае пакаленьне выгадавалася на амерыканскіх ды "Дэфа"-ўскіх вэстэрнах: і фільмах, і кнігах. Хто такія індзейцы, ведаем. Але мы ведаем тое, што пра іх расказалі белыя. А вось тое, што пра сябе ды пра сьвет расказваюць самі індзейцы -- гэта, сапраўды, упершыню. А я з дзяцінства (зноў жа :) была апантаная індзейцамі (некаторыя дзіцячыя малюнкі мае нават дасёньня захаваліся), але мяне страшэнна раздражняла, што нідзе не магла знайсьці кніжкі, дзе б можна было б даведацца пра іхны лад жыцьця ды сьветапогляд да таго часу, як з'явіліся белыя. Вось цяпер у Канадзе знайшла. Хочацца падзяліцца з суайчыньнікамі.

А наконт спачуваньня "рэзэрвацыйнаму лёсу" - гэта, як моладзь кажа, крута. Бо крыху перакручана. Калі Вы прачытаеце біяграфію аўтаркі "Легендаў Ванкувера" Паўліны Джонсан - дык бадай і пазайздросьціце гэтаму лёсу. "Рэзэрвацыя" - гэта ад ангельскага "reserve" - "захаваць", "зьберагчы", "назапасіць на будучыню" - нешта кшталту запаведніка. А вось гарката ад таго, што беларускую культуру ў сьвеце мала ведаюць, прысутная - тут вы мяне разумееце. Хто б калі і беларускую тэрыторыю абвесьціў рэзэрвацыяй, ды хай бы ўвесь сьвет тады зьвярнуў на яе ўвагу ды зьлятаўся вывучаць ды прымаць меры па захаваньню беларускай культуры.

С.П. Вы супрацоўнічаеце з канадскімі дызайнерамі, у Таронтаўскай гільдыі вышывальніц займаецеся і вышыўкай, і аднаўленнем старажытнага беларускага арнамента, даследуеце ягоную семантыку. Ці ёсць сугуччы ў канадскіх і нашых "мацерыковых" узорах? Растлумачце мне далягады памяці продкаў на маіх рэліквіях. На ручніку-абярэгу Параскі Белавус з-пад Дзісны бачу выявы Берагіні, Вясны-Лады - памяць русалляў з Х1--ХІІ стагоддзяў. Ніжэй--ідыяграма вады, знак з эпохі неаліту. А на палавіку (ходніку), які выткала Ядзвіння з той жа гістарычнай Дзісеншчыны,--ромб, унутры якога ўтканы белы чатырохкутнік як замова: поле маё будзе засеяна. Па баках ромба знакі, якія гітлераўцы ставілі на свае танкі і самалёты. Вось вам арыйская тэма ў палярных выяўленнях. А як Вам падабаюцца "палёты" выява ўзора "дзянніца" з вострава Кіпр на нашы саматканнныя посцілкі? У Латвіі гэты ж узор называюць так: аўсэкліс (ранішняя зорка).

І.В. Сугуччы ва ўзорах і сымбалях можна знайсьці па ўсяе планеце. Так узгаданы Вамі узор нашага "Грамавіка" вельмі пашыраны і ў канадыйскіх індзейцах, і ў штатаўскіх. І ён у іх азначае стралу. Але вельмі шмат аднолькавых з беларускімі я знайшла узораў у народаў Цэнтральнай Амерыкі.

Тое, што нашыя беларускія ўзоры ўзыходзяць да эпохі арыяў, - гэта ўжо, здаецца, й відавочна.

С.П. Пратуберанцы Вашых зацікаўленняў сягаюць і Беларускага Інстытута навукі і мастацтва (БІНіМ), дзе Вы выконваеце абавязкі сакратара. Відаць, частка грамадскай працы аддаецца і на Згуртаване беларусаў Канады. ..А ёсць жа яшчэ Грамадска-рэлігійны цэнтр пры царкве св. Кірылы Тураўскага. Ёсць гурт "Яваровы людзі", Цэнтр адпачынку "Слуцак"...Без напаўнення творчай энергіяй, у тым ліку і Вашай, ніводны асяродак дзеіць не будзе. Не шкадуеце часу?

І.В. Шкадую. Менавіта таму канчаткова і адышла ад усіх грамадскіх справаў. Шкадую часу нават на побыт, на сяброў, нават цяпер ужо, нажаль, і на кнігі.

С.П. Ваш сын Антон "увесь у маму". Мастак. Уладальнік узнагароды "За персанальную сілу і мужнасць". Нават калі "куляюцца нябёсы" Вы змаглі зладзіць сямейны побыт як школу рэалізацыі адухоўленых магчымасцяў?

І.В. Ох, давайце пра перыяд "калі куляліся нябёсы" ня будзем. Я мала што памятаю зь яго. Такі шок быў. У мяне мама памерла на руках ад раку, я ведаю, што гэта такое.....

Што да сына, то праўда. Ён калі маленькі яшчэ па калысцы тупаў, я сказала: "Вось мая старасьць". Дык цяпер магу сказаць, што мэтанакіравана выхоўвала яго сваім шляхам. Здаецца, метадам "ад праціўнага" агульнапрынятаму ладу выхаваньня. Ну, вось маю цяпер аднадумцу ды суразмоўцу. Хаця, часам, і ня ўсе мае захапленьні ён падзяляе: у новага пакаленьня свае зацікаўленьні.

С.П. Вычытаў у Вашых тэкстах: "Любоў у абдымках Хлусні становіцца Ільдом". Шматзначны афарызм. Прыходзілася змагацца з такім абледзяненнем?

І.В. Ня ведаю, як змагацца, а ўжо ж мець справу з "Хлусьнёй" ды абледзяненьнем даводзілася кожнаму. Гэты афарызм спарадзіўся ў мяне адмыслова ў кантэксьце майго аповеду "Брат родны. Брат малочны". Там шмат такіх вобразаў, алюзіяў. Пад "Хлусьнёй" маецца на ўвазе ідэалогія, якую мы, ужо трэцяе пакаленьне ад Кастрычніцкага перавароту, усмоктвалі разам з грудным малаком, успрымалі як дадзенасьць. Малыя, мы яшчэ нават не здагадваліся, што гэта - хлусьня, але не разумелі, чаму ж усё такое "заледзянелае" вакол, і як ад гэтага "малака" ледзянеюць нашыя душы.

С.П. Якая тэмпература зносін між рознымі групоўкамі суайчыннікаў? Ці даюць аб сябе знаць паэты Ірына Лойка, Фелікс Аксёнцаў? Хто з сяброў трымаецца за Вашае залатое вядзерца?

І.В. Літаратурны асяродак у мяне невялікі, то праўда. Быў Кастусь Акула. Вольга Іпатава. Мая сяброўка Ірына Аксёнава (мы разам прыехалі ў Канаду). Сын. Але багата натхненьня маю ад сваіх сябровак у Таронтаўскай гільдыі вышывальніц. Яны шмат дапамагаюць мне знайсьці свой шлях. З фатографамі стасуюся выключна ў інтэрнэце.

С.П. Калісьці магілеўчанін Мікалай Судзілоўскі-Русель выступаў у абарону індзейцаў Новага Свету, пры яго дапамозе былі створаны калоніі палітэмігрантаў у знаёмым Вам Ванкуверы. Люблю згадваць паралелі і мерыдыяны, на якіх вісяць званочкі беларускай прысутнасці. Зычу і Вам, спадарыня Ірына, прадаўжаць дыфузію культур, ствараць свой непераўзыйдзены ўзор на палатне жыцця. І хай залатое вядзерца не перакуліцца: ні там, дзе сэрца Ваша, ні там, дзе гняздзечка выраю.

І.В. Дзякуй Вам. Як прыгожа Вы сказалі зараз! :).

Паралелі і я люблю. Бачыце, яшчэ адна - мы з Паўлінай, той, што Джонсан-Тэкеянўакей, заўзятыя веславальніцы. Я ж гэтаму спорту 21 гадок аддала. :) Гэх!..

С.П. Пасляслоўе, пра асабістае. Летам 2006 г. Мы спазніліся на службу ў царкве і праз паштовую шчыліну пад стол з "Беларускім словам" кінулі пакет з падарункамі: мой зборнік "Пры сьвячэньні..." з дарчымі надпісамі Івонцы Сурвілле, Кастусю Акулу (яму і мой верш, напісаны да юбілею). Быў і мой сьпеўнік "Дабравест". Але... Сп. Віялета сказала па тэлефоне, быццам у яе нешта захоўваецца. У зб. "Пры сьвячэньні..." якраз і ёсць узоры з Дзісеншчыны, пра якія прашу даць тлумачэнні.

І.В. Рушнік зь Берагіняй вышываўся з нейкай просьбай-зваротам да тае Берагіні. Напэўна, прасілі здароў'я, бо вада, крыніца - гата сымбалі здароў'я ды моцы. Вышыць такі ўзор - гэта тое ж, што вады з гаючае крыніцы напіцца.

А вось, што азначаюць узоры, што скарыстоўвалі гітлераўцы, я, шчыра, ня ведаю. Я далёка ня ўсё ведаю. У мяне адно кніжка М.Кацара на стале. Ды яшчэ генетычнай памяці трохі. Зрэшты, і свастыка - гэта стары арыйскі знак, і ў нашай вышыўцы шмат сустракаецца.

На ўсё добрае! З пашанотаю,

Сяргей Панізьнік.

Пэўна, узьнікнуць новыя пытаньні. То буду рада працягнуць размову. :)

Найлепшага!

З павагай,

Ірына Варабей.

2009 г.

"Літаратура і Мастацтва" № 10 (4554) 12 сакавіка 2010 г., бачына 12

http://lim.by/limbyfiles/lim10.pdf

October 13, 2024

ANPT. Issue #63, 2023. Калядная Каза

A Needle Pulling Thread, Issue #63 (2023)  Traditions 

-публікацыя ў часопісе-

Kaliada Goat.  

"Калядная Каза".

Гэта работа была ўдзельнікам канадзкага трохгадовага вандроўнага шоў-выставы Threadworks 2016”. Работы для яго адбіраліся на конкурснай падставе з усёй Канады.  

У беларускай культуры каза ёсць сакральнай, чароўнай жывёлай, якая можа зрабіць чалавека паспяховым проста сваёй прысутнасцю ў ягонай гаспадарцы. У фальклоры гаворыцца: “Дзе каза нагой – там жыта капой, Дзе каза рогам – там жыта стогам”.

Культ казы шануецца цягам зімовых святкаў, а менавіта падчас зімовага сонцазвароту, калі стары год сыходзіць, і новы год пачынаецца.

У беларускай мове гэтае свята мае назу “Каляды”, што паходзіць ад слова “кола”.

Гэта вельмі вясёлы час, калі ўбраныя ў дзіўныя касцюмы людзі ходзяць групамі ад хаты да хаты, выпрошваюць у гаспадарой гасцінцаў, спяваючы калядкі ды водзячы з сабой чароўную “казу”, каб яна пахадзіла па гасподзкім двары.


У маю версію Каляднай Казы, я улучыла некалькі сакральных беларускіх сымбаляў, звязаных з зімовымі святкамі –

- сама каза,

- Батлеемская зорка, што сымбалізуе нараджэнне Хрыста,

- геаметрычны знак “Сонца”,

- знак “Продкі”,

- сымбалі багацця і дабрабыту.

 Для пазнакі зімовага сонцазвароту на Казінай пысе змешчаны знак “Завяршэння” – заканчэння году. А на Казіным ілбе – знак “Пачатку”.

На самым версе размешчаны знак самой Каляды.

 Па баках дызайна ёсць дзва надпісы. Яны зроблыныя Беларускімі стылізаванымі шрыфтамі. Літары чытаюцца зверху ўніз. Надпіс справа чытаецца як “Merry Christmas!”, надпіс злева – “Вясёлых Каляд!”

 *Belarusan Traditional Stitching Motifs, або Беларускія стылізаваныя шрыфтыгэта кірылічныя і лацінскія шрыфты, заснаваныя на матрыцы беларускага арнаменту, якія распрацаваў беларускі філосаф і лінгвіст Міхаіл Баярын.

Іх можна знайсці тут 


Набыць схему ў краме Etsy         Іншыя публікацыі ў ANPT 

--------------------------------------------------

The piece was a part of the juried ‘Threadworks 2016’ three-year Traveling Show. 

In Belarusan culture, the goat is the sacred, magical animal believed to easily make a person successful just by its presence in one’s personal space. The folklore says, "Where the goat walks, there rye grows. Where the goat horns point, there is harvest growth".

The goat is worshiped during the winter holiday season, namely the winter solstice time, when the old year comes to an end and a new one begins.

In the Belarusan language, this holiday is called 'Kaliady' from the word 'kola' meaning a circle.

This is fun-filled time of the year when it’s customary for groups of people dressed in fancy clothes to solicit food door-to-door by singing carols, leading the magic “goat” around the master’s house for him to have a good harvest next year. 
In my version of the Kaliada Goat design, there are several sacred Belarusan symbols connected to the winter holiday season –

- the goat itself,

- the star of Bethlehem symbolizes Jesus's Birth and Christmas,

- the geometrical sign of The Sun,

- the signs of Ancestors,

- symbols of Wealth and Well-being.

To mark the winter solstice, the sacred symbol for the Completion of the year is embroidered on the Goat’s snout and that of the beginning of the new year (appearing, sprouting, springing) is embroidered on its forehead.at

At the very top is the solar sign of the Kaliada.

There are two inscriptions at both sides of the design. They are made in Belarusan Traditional Stitching Motifs Font*, and the letters are read from top to bottom). The inscription on the right says, “Merry Christmas!”, and the one on the left, “Merry Kaliada!” in Belarusan.

 

*Belarusan Traditional Stitching Motifs Font is a stylization of the Cyrillic and Latin alphabets based on the patterns of the Belarusan ornamental strips on belts and towels. It has been created by Belarusan philosopher and linguist Mihail Bayaryn.

It can be found on the page HERE 

The Kaliada Goat Pattern is available on Etsy