October 22, 2017

ANPT. Spring 2011. Hramavik

A Needle Pulling Thread, Spring 2011, бачыны 58-61
-публікацыя ў часопісе-

Hramavik - Thunder Spirit - Грамавік


Якім бы ні быў прыгожым, чысцюткім, шчасцядайным першы снег, якімі б ні былі велікапышнымі, панаднымі снежныя сумёты, але некалі надыходзіць час, калі мы прагна чакаем на першы гром, навальніцу, разгул праліўной стыхіі, каб змыла ўшчэнт усе астанкі той захапляльнай калісьці прыгажосці.
“Грамавік” – мініяцюрны кілім, выкананы ў зададзенай колеравай гаме “Ice Is Nice” (ака: які цудоўны гэты лёд...) у рэдкай, незвычайнай, але вельмі цікавай вышывальнай тэхніцы “трохкутнік”, увасабляе сабой палёт маёй фантазіі на тэму адпаведнага беларускага сымбаля.

Дызайн майго “Грамавіка” зьявіўся з трох крыніцаў майго натхненьня: беларускага сымбалю, вышывальнай тэхнікі “трохкутнік” і колеравай гамы, прапанаванай часопісам “ANPT”.

Некалькі гадоў таму ў бібліятэцы Таронтаўскай гільдыі вышывальніц мне трапіла ў рукі кніжка “Трохкутнік”, Шырлі Ланц (“Trianglepoint" Sherlee Lantz). Гэтая тэхніка, якую прапанавала аўтарка, уразіла мяне, і ў мяне тут жа пачалі нараджацца ідэі, каб зьяднаць яе з беларускімі ўзорамі. Тым больш, што работ, зробленых у гэтай тэхніцы, я ніколі яшчэ ня бачыла. Я адразу кінулася да кампутара і хуценька склала і зарысавала некалькі чарнавых схемак. Але як ня дзіўна, з нейкай прычыны я тады проста захавала іх і ...’’забылася’’. Бадай, ім наканавана было дачакацца ‘’свайго часу’’. ... І вось калі я ўбачыла колеравую гаму, прапанаваную часопісам, мне раптам ўзгадаліся гэтыя чарнавікі, і я вырашыла, што пара іх ‘’адкапаць’’!

І ў колеравай гаме, і ў ‘’трохкутніку’’ я ўбачыла знакамітага Грамавіка. Ягоны сымбаль (ён у самым цэнтры дызайну) найбольш адпавядаў гэтым абодвум.
Калі я кажу ‘’знакаміты’’, я маю на ўвазе, што гэты сымбаль даволі папулярны ў фальклоры шмат якіх народаў па ўсім сьвеце, у тым ліку і ў карэнных народаў Амерыкі.

Само слова ‘’трохкутнік’’ было прыдумана і выкарыстана Шырлі Ланг для сваёй кнігі, выдадзенай у 1976 г. Гэта была новая стуктурная сістэма для стварэння ўзору ніткамі. Яна, падобна як і тэхніка “баргела’’, прапанавала невядомы дагэтуль шыкоўны метад запаўненьня прасторы паўтарэннем узораў, створаных трохкутнікамі і гексаграмамі.
Аўтарка сьцвярджае, што яна толькі ‘’перавынайшла’’ гэтую тэхніку, маючы на ўвазе, што яе самую натхнілі распаўсюджаныя па ўсім сьвеце трохкутныя і гексаганальныя ўзоры ў старажытных арнаментах, а гэтак жа і падобныя да іх амерыканскія і ангельскія работы ў пэчўорке 19-га і 20-га стагодзьдзяў. 


Асноўным элементам гэтай вышыванай тэхнікі ёсьць трохкутнік, з якога і будуецца ўзор. Гэта лягчэў зразумець, параўнаўшы яго з вышыўкай крыжыкам. ‘’Трохкутнік’’ – гэта знаходка, бо ён лёгка засвойваецца, хутка вышываецца, нескладаны і нязьменны ў свай форме. Ён не патрабуе складаных схемаў, чарцяжоў, дліннючых інструкцыяў, падлікаў квадрацікаў канвы. ... Па часе запаўненьне трохкутнікаў-дыямантаў робіцца прывычным. Памылкі лёгка выпраўляюцца налажэньнем доўгіх сьцяжкоў на кароткі.
Трохкутнік патрабуе гладкага, лёгкага налажэньня сьцяжкоў – раслабленай, але прывычнай рукой. Нітка мусіць класьціся без нацягу, але і не правісаць. Краі трохкутнікаў мусяць быць роўнымі, каб акцэнтаваць мазаічны характар узора.
Гэта – асноўны канцэпт вышыўкі трохкутнікам.

Што да майго сёняшняга “Грамавіка”, я мушу прызнацца, што я трошкі парушыла асноўныя правілы гэтай тэхнікі там, дзе тычыцца формы. Я падзяліла раўнабедраны трохкутнік надвая і атрымала меншыя нераўнабедраныя. Абедзьве формы выкарыстаныя ў гэтым дызайне.




Набыць схему на Etsy



 Іншыя публікацыі ў ANPT

No comments:

Post a Comment