Ірына Варабей эмігравала
зь Беларусі ў Канаду, дзе знайшла ідэальныя ўмовы, каб вышываць. Там ужо 10
гадоў існуе яе мастацка-дызайнэрская кампанія Spirit of Belarus,
якая прапагандуе беларускую вышыўку сярод заходніх аматараў.
Са сп-няй Ірынай мы
пагутарылі пра тое, чаму папулярнасьць вышыўкі вяртаецца ў наш хуткасны час, ці
можна вышыўкай зарабіць і ці дарэчы, што вышыўка з ручніка патрапіла на
дзяржаўны сьцяг. У гутарцы мы таксама закранулі тэмы сялянскасьці і
шляхетнасьці гэтага занятку, узгадалі беларускую тэхніку, якая больш
старажытная чым крыжык, і тэхніку, назву якой нібыта даў кароль Ягайла.
Сьцягвайце падарунак ад
Ірыны Варабей — схемы беларускай вышыўкі!
На канадыйскім фестывалі 'Юрта Міру' |
Спадарыня Ірына,
ці можна паверыць, што нехта зьехаў зь Беларусі ў далёкую Канаду, каб проста вышываць?
Мая галоўная мэта была не
вышываць, калі я ехала ў Канаду. Я нават і ня думала, кім я ў Канадзе стану і
чым я тут займуся. Ехалі проста з таго эканамічнага крызісу, які ў нас быў у
90-я. Але чалавек ня можа жыць бяз мары. Мы ехалі па лепшае жыцьцё, а ў думках
мне хацелася вышываць. Паверыце вы ці не, але я везла цэлую валізку беларускіх
абрусаў, для таго каб іх тут вышыць і, можа, прадаць.
У вас было
ўяўленьне, што гэта можа быць валютны тавар?
Так, я ведала ўжо, што вышыўка
папулярная ў Канадзе, у Амэрыцы. Тады ў 90-х гадах ужо прыходзілі да нас, на
наш кніжны рынак часопісы з Захаду са схемамі вышывальнымі, з карцінамі для
вышыўкі. І хацелася ўсё гэта вышываць, у мяне ўжо тады рукі сьвярбелі, што буду
вышываць. Я ў дзяцінстве спрабавала сама ствараць схемы для вышыўкі — на
паперцы, клятчатым аркушы — і я ведала, што магу ствараць такія схемы.
І тут вам гэты
шлях ад вышывальніцы да стваральніцы схем удалося прайсьці...
І ў Канадзе я пачала вышываць
па гатовых схемах. Ужо ў першыя дні я прыйшла ў вышывальную краму, ахнула там,
ледзь не заплакала і ўсяго-усяго набыла. Бачыла, што прапаноўваецца шмат
матываў — тут віктарыянскія, тут афрыканскія, тут індзейскія, тут расейскія,
украінскія нават — і тут мяне заняло: чаму беларускага нічога няма і ніхто ня ведае
нават?
Вышыты Мірскі замак. Габеленавае шво, ваўняныя нітк |
Прыблізна з такімі пачуцьцямі я гляджу на карціну, якую вышыла мая маладая мама. У нас дома вісіць яе выдатная праца — маскоўскі Крэмль. Відаць, гэта вышывалася па схемах, якія калісьці друкаваў часопіс «Работніца і сялянка». Колькі ўменьня і гадзінаў працы гэтаму было аддадзена, а мне ня хочацца гэтую карціну забраць з сабой — здаецца, вось каб там быў партрэт Купалы або...
Чырвоны касьцёл? Так, я сама
жыла ў тыя гады. 60-я і 70-я — маё дзяцінства, калі я спасьцігала гэтае
вышываньне. Мая мама таксама вышывала. Я памятаю, што бегала яна са сваімі
сёстрамі, шукалі нейкія ніткі асаблівага адценьня. У маёй цёці таксама віселі
вышытыя карціны па ўсёй хаце. А потым гэта занепадала: не было нітак, не было
схемаў, не было ўсяго гэтага начыньня. Некаторыя рэчы, якія я маю тут, я нават
ня ведаю як назваць — бо ўжываю толькі ангельскія назвы. Потым мама закінула
вышыўку, пачала вязаць. Вязаньне прыносіла нейкі прыбытак, можна было зарабіць
капейчыну. А вышываньне было чыстай забавай. І тут на Захадзе быў прыблізна
такі самы адыход — цікавасьць занепадала, жанчыны як кажуць апраналіся ў
крамнае, але потым ручная вышыўка вярнулася на сонца — тут існуюць гільдыі
вышывальніц, праводзяцца курсы, сэмінары, выставы, у каледжах выкладаюць
вышыўку...
Калі вы
закладалі свой сайт і кампанію Spirit of Belarus, то казалі, што вашай матывацыяй было знайсьці і
стварыць для іміджу краіны ўстойлівы візуальны вобраз. У прынцыпе гэта
задача-выклік. Як вы ацэньвае свой посьпех, наколькі вы наблізіліся да
магчымага варыянту адказу?
Напэўна наблізілася. Таму што,
калі я бачу вынік працы, калі на фэстывалях людзі прыходзяць і пазнаюць, што
гэта беларускае, то думаю, што задача выкананая.
Дыванок "Грамавік". Тэхніка Trianglepoint - 'трохкутнік' |
І ўсё ж у чым гэты сымбаль увасоблены — у вышыўцы, ў нейкім элемэнце арнамэнту?
Ведаеце, калі я разважаю над вашымі пытаньнямі, я
бачу, што ў нас розныя ўяўленьні, мы ўкладваем розныя паняцьці ў словы вышыўка
і арнамэнт. Ва ўяўленьні беларускім мы асацыюем вышыўку з арнамэнтам, гэта ў
нас амаль што сынонімы. Калі вышыўка — дык арнамэнт. На захадзе зусім іншае
ўяўленьне аб вышыўцы, яна не атаясамліваецца з арнамэнтам, у іх слова арнамэнт
азначае зусім іншае. Тут часта
вышыўка — гэта карціны створаныя ніткай. У іх таксама няма такога выразу як
нацыянальны арнамэнт. У нас жа ёсьць — беларускі нацыянальны арнамэнт, казахскі
арнамэнт, эстонскі арнамэнт...
Гэта, магчыма,
мае карані ў тым, што вышыўка нарадзілася як ужытковае мастацтва. А як вы
ставіцеся да таго, што той самы нацыянальны арнамэнт быў зьмешчаны на дзяржаўны
сьцяг Беларусі? Ці прыходзілася вам гэты факт прыводзіць канадцам, расказваючы
пра Беларусь?
Размова зь любым канадыйцам
пачынаецца сапраўды аднолькава: ты адкуль? — зь Беларусі — а дзе гэта? Але ў
апошнія гады гэта мяняецца. Прынамсі тут на фэстывалях мяне ўжо ведаюць. Так, я
гавару і пра тое, што вышыўка, геамэтрычныя ўзоры — на нашым дзяржаўным сьцягу.
На дзяржаўным, не на нацыянальным.
А той варыянт,
які быў выбраны на сьцяг, ён адпавядае яго ўжываньню, яго функцыі?
Калі вы хочаце спытацца пра
значэньне сымболікі — то загнутыя ромбікі, напрыклад, азначаюць багацьце, яны
навеяныя рагамі жывёлы, якая была валютай уў старадаўнія часы. Рогі
могуць таксама сымбалізаваць рукі якой-небудзь багіні — абярэга. А таксама
чытала ў інтэрнэце крытыку, што быццам гэты арнамэнт не адпавядае яго ролі, што
быццам яго на паховінах ужывалі, што у ім матывы сьмерці... Але я арыентуюся на значэньне сымбаляў па кніжцы
Міхаіла Кацара. Па Кацару, як яму сялянкі расказвалі, у нашых узорах нічога
цёмнага, нічога зьвязанага са сьмерцю няма. Усе нашы ўзоры — гэта размова з
Богам, гэта малітва, гэта ўхваленьне, гэта просьба. Таму, які б узор ты ні ўзяў
на гэты сьцяг, я думаю, любы ўзор можа адпавядаць. Гэта проста сымбаль нашай
культуры, нашага сьветапогляду.
А цяпер пра тое,
чаму вы не вышываеце строі, не бераце заказы...
''Калі ласка, у нашу казку!''. Вынітаванне (String Art, изонить), чорным-па-белым (Blackwork), крыжык |
А як вы гледзіце
на проста шалёны выбух папулярнасьці вышыванкі ў Беларусі — што вышываны матыў
пашыраецца ва ўсе сфэры — яго возяць на капотах машын, носяць на мабільніках?
Нармальна гляджу. Я марыла пра
гэта, калі я пачынала сваю кампанію гадоў 10 таму. Я марыла, каб усе жанчыны
ўзялі іголкі ў рукі і пачалі вышываць, каб несьлі ў сьвет нашу адметнасьць.
Ці здаралася з
вамі такое, што вышываньне вам дапамагае нешта вельмі добра запомніць, проста
зашыць у памяць?
О так, калі я вышываю,
напрыклад, другі раз нейкі ўзор, я ўспамінаю, што было першы раз. Калі я пачала
вышываць у Канадзе, я пачала ўспамінаць мае беларускія сны. Аднойчы я нават
патрапіла ў Таронта на вуліцу, якую я сьніла ў Беларусі. Іголка сапраўды нібы
антэна ловіць хвалі сусьвету, вашы ўнутраныя імпульсы і зашывае іх у тканіну.
Таму ўсе рукамі вышываныя рэчы напоўненыя энэргетыкай. Калі вы хочаце мець
беларускі строй, раю не купляць у краме — бо ў строй укладзеныя ня толькі
сакральныя сымбалі, але і энэргія чалавека, які вышываў. Гэта вельмі істотна.
Можа быць, вы
крыху прыадкрыеце, ці можа вышываньне пракарміць як бізнэс, асабліва на
Захадзе?
Усе вышывальніцы ведаюць, што
проста вышываньнем і продажам схем пракарміцца нельга. Некаторыя прадаюць свае
работы, але гэта не асноўны іх бізнэс. Чым можна трохі зарабіць — гэта курсамі.
Тыя, хто мае курс, могуць добра зарабіць. Ёсьць такія выкладчыкі, якія езьдзяць
па сэмінарах, маюць воркшопы.
Колькі плаціць
студэнт на такіх курсах?
20 даляраў за гадзіну. Калі да
вас прыйшло пяць студэнтаў, гэта ўжо будзе 100 даляраў за гадзіну.
Tricky Diamond. Беларуская нізанка |
Вядома, што вы
хочаце замацаваць у міжнародным ужытку такі тэрмін як беларуская нізáнка. Як бы
вы патлумачылі асаблівасьць гэтай тэхнікі для аматара?
Часам яе яшчэ называюць і
процяг, і нацяг. Нітка стварае ўзор ня крыжыкам, але такім працягнутым штрыхом.
Адзін ручнік такой работы мне паслаў Янка Запруднік. І калі мяне ўсе тут пыталіся,
якія адметныя беларускія тэхнікі існуюць — я вырашыла, а чаму ня гэта? Я
выбрала варыянт назвы нізанка, бо яго лепш можна перадаць лацінкай: Belarusian nizanka. Хачу, каб ён замацаваўся гэтак сама, як скажам
украінская мярэжка. І калі я пайду, калі нават згубяцца мае працы, гэты тэрмін
застанецца ў міжнародным ужытку. За ім будзе стаяць мая Беларусь.
Вы б маглі
вярнуцца ў Беларусь лідэрам, такім вышывальніцкім гуру...
Ага, сабраць
аўдыторыю вакол сябе, цэлыя залі, нешта прамаўляць. Не, я сваё жыцьцё такім ня
бачу. Я хачу проста быць прыкладам, сваімі работамі паказаць шлях іншым, як
можна вышываць, браць іголку ў рукі і проста адчуваць асалоду ад гэтага
занятку. Можа нехта зьяднаецца ў клюбы ў нас, я хачу, каб і ў нас зьявіліся
нейкія гільдыі, клюбы, арганізацыі, часопісы, сэмінары. Спадзяюся, што
знойдуцца больш таленавітыя, чым я, і пойдуць далей і далей пашыраць гэта
мастацтва маляваньня ніткамі.
-------------------------------------
Каментары на сайце Радыё Свабода
o Вольга
Іпатава (Таронта)
13,02,2016 21:15
Ірына Варабей --
шматгранны і надзвычай таленавіты чалавек. Яна знайшла сваю
"беларускую" нішу і сваё прызваньне. Пераклала з
ангельскай Кастуся Акулу, якога мы абедзьве вельмі шанавалі і сябравалі з ім да
канца ягонага жыцьця. Напісала аповед пра свайго брата -- таленавітага
паэта, чые вершы, нажаль, невядомыя на Беларусі.
Я ганаруся, што дала ёй рэкамендацыю ў Саюз пісьменнікаў Беларусі
Я ганаруся, што дала ёй рэкамендацыю ў Саюз пісьменнікаў Беларусі
·
Галіна
Сяргеева (Таронта)
25,01,2016 21:57
Вельмі прыемна ўражана цікавай
размовай Алёны Ціхановіч з Ірынай Варабей. Я знаёма з Ірынай шмат гадоў, ведаю
няпростую гісторыю ейнага жыцьця. І што цікава, менавіта ў эміграцыі, у
Канадзе, яна зрэалізавала сябе ў шмат якіх накірунках. Выклікае вялікую павагу,
што Ірына змагла знайсьці сваю нішу ў выяўленчым мастацтве - стварыла беларускі
брэнд ''Спірыт оф Беларусь'', які паказвае нашу адметнасьць у шматэтнічным
асяроддзі Канады, будзіць цікавасьць да Беларусі.
У Канадзе Ірына напісала свой першы літаратурны твор, які стаўся выдадзеным у Беларусі. Гадоў трынаццаць таму вярнуўшыся ў Менск пасьля наведваньня Канады, я перадала колькісь падрыхтаваных ёю напрацовак знанаму беларускаму пісьміньніку Нілу Гілевічу. А затым пачула ад яго прыязны водгук, асабліва пра ейную жывую адметную беларускую мову. Цяпер ужо Ірына - сябра Саюза Беларускіх Пісьменьнікаў. Яшчэ яна й дзейсны сябра Згуртаваньня Беларусаў Канады. Мне здаецца, што было б карысным для беларускае грамадзкасьці пачуць больш пашырана пра дзейнасьць Ірыны Варабей - асобы шматграннай і цікавай. Варты ўвагі набыты ейны досьвед ня толькі адаптацыі ў замежжы, захаваньня беларускасьці, але й пашырэньня ведаў пра Беларусь, замацаваньня станоўчага іміджу Беларусі ў Заходнім Сьвеце праз разнастайныя формы мастацкай і грамадзкай працы.
У Канадзе Ірына напісала свой першы літаратурны твор, які стаўся выдадзеным у Беларусі. Гадоў трынаццаць таму вярнуўшыся ў Менск пасьля наведваньня Канады, я перадала колькісь падрыхтаваных ёю напрацовак знанаму беларускаму пісьміньніку Нілу Гілевічу. А затым пачула ад яго прыязны водгук, асабліва пра ейную жывую адметную беларускую мову. Цяпер ужо Ірына - сябра Саюза Беларускіх Пісьменьнікаў. Яшчэ яна й дзейсны сябра Згуртаваньня Беларусаў Канады. Мне здаецца, што было б карысным для беларускае грамадзкасьці пачуць больш пашырана пра дзейнасьць Ірыны Варабей - асобы шматграннай і цікавай. Варты ўвагі набыты ейны досьвед ня толькі адаптацыі ў замежжы, захаваньня беларускасьці, але й пашырэньня ведаў пра Беларусь, замацаваньня станоўчага іміджу Беларусі ў Заходнім Сьвеце праз разнастайныя формы мастацкай і грамадзкай працы.
·
Алесь
Кот (Таронта)
22,01,2016 08:05
У свой час мне
давялося таксама спрычыніцца да тэмы ''І. Варабей й вышыванства''. Маю дадаць,
што статыстыка электронных рэсурсаў Ірыны Варабей штотыдзень фіксуе ад 1000 да
3000 наведваньняў. Толькі за адзін год існаваньня дзьвюх Iнтэрнэтных крамаў "Spirit of
Belarus"
налічана больш за 4000 наведваньняў з амаль 60 краінаў сьвету, шмат зь якіх
сканчваліся набыцьцём схемаў для вышыванкі. Больш за 200 беларускіх дызайнаў
ужо раз'ехаліся ў тузін розных краінаў сьвету, пачынаючы ад ЗША да Паўднёвай
Афрыкі.
Таксама дадам, што з публікацыяй ''Туторыял'' па беларускай нізанцы зрабіўся нейкі нечуваны для Іры “выбух'' у Сеціве. У Фэйсбуку ейную абвестку аб тым, зараз ужо вядомым усім вышывальніцам Канады, выданьні наведалі за дзень 3 тысячы чалавек, за тыдзень – болей за 6 тысяч. За першы тыдзень “Туторыял” спампавалі з крамы 35 чалавек з 15 краінаў сьвету. За другі - яшчэ з паўста Упершыню да ейных карыстальнікаў далучыліся такія краіны як Паўдзённая Карэя і нават;)))) Беларусь. Іра шчыльней займалася яшчэ й фотаздымкаю, то ейная фотагалерэя зафіксавала каля 1 400 000 праглядаў. Прафесійныя фатографы ведаюць, што гэта ня так ужо й шмат. Але для вышывальніцы нядрэнна. Ну а пісьменьніцтва сябры Саюза Беларускіх Пісьменьнікаў Ірыны Варабей - гэта асобная і даволі цікавая тэма...
Таксама дадам, што з публікацыяй ''Туторыял'' па беларускай нізанцы зрабіўся нейкі нечуваны для Іры “выбух'' у Сеціве. У Фэйсбуку ейную абвестку аб тым, зараз ужо вядомым усім вышывальніцам Канады, выданьні наведалі за дзень 3 тысячы чалавек, за тыдзень – болей за 6 тысяч. За першы тыдзень “Туторыял” спампавалі з крамы 35 чалавек з 15 краінаў сьвету. За другі - яшчэ з паўста Упершыню да ейных карыстальнікаў далучыліся такія краіны як Паўдзённая Карэя і нават;)))) Беларусь. Іра шчыльней займалася яшчэ й фотаздымкаю, то ейная фотагалерэя зафіксавала каля 1 400 000 праглядаў. Прафесійныя фатографы ведаюць, што гэта ня так ужо й шмат. Але для вышывальніцы нядрэнна. Ну а пісьменьніцтва сябры Саюза Беларускіх Пісьменьнікаў Ірыны Варабей - гэта асобная і даволі цікавая тэма...
·
Сяржук
23,01,2016 16:50
Дзякуй, цікавая
перадача! Шчыра жадаю спадарыне Ірыне плёнў ў яе добрых справах.
·
Anatol
Starkou
03,02,2016 17:36
Сустракаўся з ёй
у Штатах. Бачыў яе вырабы.
·
Ананім
22,01,2016 01:48
Поспехаў спадарыне Ірыне.
No comments:
Post a Comment