September 15, 2018

ANPT. Summer 2013. Кругі-на-вадзе

A Needle Pulling Thread, Summer 2013
-публікацыя ў часопісе-

Ripples-On-Water - Кругі-на-вадзе




Вывучэньне паходжаньня беларускіх традыцыйных геаметрычных узораў заводзіць нас у самую старажытную гісторыю, якая злучае нас, вышывальніц, з нашымі далёкімі продкамі, даючы магчымасьць зазірнуць краем вока ў той час і месца, пра якія мы нічога ня ведаем, але з якімі так зьвязаныя.

Ніколі не стамлюся дзівавацца з гэтых велікапышных узораў на нашых беларускіх посьцілках.
І ніколі не стамлюся зьдзіўляцца і задавацца пытаньнем, як гэтыя геаметрычныя ўзоры з “аптычным эфектам” складаліся ад самага пачатку.

Беручы пад увагу складанасьць і мудрагелістасьць гэтых узораў і тымчасам іхную сівую старажытнасьць, я намагаюся ўявіць сабе, якім чынам іх распрацоўвалі ў тыя незапамятныя часы – я бачу сваю далёкую бабцю, якая працуе з ... алоўкам ... на аркушы раскрэсленай паперы..? Ці адразу на прымітыўным ткацкім станку..?
І вось такім чынам мае далёкія продкі былі здольныя ўвасобіць свае ўяўленьні аб гарманічнай структуры Сусьвету, ствараючы такія складаныя, дасканалыя мандалы, каб вока цешыць і душу супакойваць? 


Але... Я чуюся цалкам зьбянтэжанай і разгубленай, седзячы гадзіны й гадзіны, усяго толькі перарысоўваючы гэтыя ўзоры ў камп’ютарную праграму. І з гэтага факту, мне лягчэй паверыць, што яны распрацоўваліся некалі, як цяпер - з выкарыстаньнем высокіх тэхналогіяў нейкай далёкай іншай цывілізацыі.
Як бы там ні было, я вельмі ўдзячная ўпартасьці маіх продкаў, што так зацята захоўвалі нам праз вякі бясцэнныя куфары тых загадкавых і неспасьціжных узораў.
Магчыма, іхную ўпартасьць можна патлумачыць тым, што яны бачылі ў гэтых узорах рысунак вады. Вада ж мае значны сакральны сэнс у беларускай культуры. І не толькі таму, што яна можа быць чароўнай "жывой вадой" (ці "мёртвай вадой”). Беларусы зьвязваюць вобраз крыніцы з сваёй радзімай, бо гэта зямля незлічоных крыніц, што б’юць там “на кожным кроку”.

“Кругі на вадзе” – адзін са шматлікай серыі маіх дызайнаў, створаных на тэму гэаметрычных “аптычных” узораў з традыцыйных беларускіх посьцілак. 



No comments:

Post a Comment