A Needle Pulling Thread, Spring 2012,
-публікацыя ў часопісе-
Spring Keys - Ключы ад вясны
-публікацыя ў часопісе-
Spring Keys - Ключы ад вясны
Скажыце, каму зіма яшчэ не надакучыла?
І ўсё глядзім прагноз па телевізары, чакаем, хто нам калі вясну наварожыць...
А вось нашыя продкі дакладна ведалі, што рабіць.
Каб паскорыць прыход вясны, нашыя продкі зьбіраліся гуртам на самай высокай гары і сьпявалі без упынку і так гучна, каб чуваць было ў суседняй вёсцы. Магічная сіла песьні перадавалася ад адной вёскі да другой, гэтак асягаючы самага далёкага поўдню. Туды, дзе ў далёкіх краях, зімуюць жаўранкі, што трымаюць у дзюбах ключы, якімі зіму замыкаюць, а вясну адмыкаюць. Гэтта ж вядома было, што жаўранкі вяртаюцца да сваёй паўночнай радзімы, нясучы ў сваіх дзюбах вясну адно дзякуючы гэтым гучным песьням, бо лятуць яны на іх, як на маякі.
А тымчасам, чакючы гэтых пасланьнікаў вясны, людзі пяклі булкі ў форме жаўранкаў, клалі іх на адмыслова вышытыя рушнікі і посьцілкі, тады прыносілі іх на гару і сьпявалі, заклікаючы жаўранкаў дахаты.
Што я як дызайнер магу зрабіць, каб паскорыць прыход вясны – дык гэта вышыць і прапанаваць вам гэты мініяцюрны дыванок ''Ключы ад вясны'', натхнёны маімі ўспамінамі аб абрадзе ''Загуканьне вясны'' і ўзорамі беларускай народнай вышыўкі.
--------------------------------------
Гэты нумар аказаўся цалкам беларускім :)
"Ключы ад вясны" трапілі на вокладку! (то цяпер я - Cover Girl! ✌
А ўнутры была яшчэ адна неспадзяванка для мяне. Тлумачыць і пераказваць ня буду, проста падам пераклад усяго там пададзенага.
"Што найбольш мяне захапляе, гэта калі мне ўдаецца звязаць людзей дзеля любога віда рукадзельля. Ці нехта ўпершыню спрабуе нешта зрабіць рукамі з іголкай, ці адрываецца ад сваёй прывычнай шуфляды, так бы мовіць, і адкрывае для сябе новы від рукадзельля -- я проста шчасьлівая, калі бачу новую іскру ў нечыей душы. Увосень 2011 г. (падчас CreativFestival - І.В.) Марыя І. Кіпп і Ірына Варабей (абедзьве пастаянныя ўдельніцы часопіса ANPT) забаўляліся размовамі аб наступным Санце для Марыінай серыі нацыянальных Санта Клаўсаў. Якое захапленьне для мяне - даведацца, як гэтыя дзьве дызайнеркі гуляліся з ідэямі для вышываньня!" -- Карла (рэдактарка часопіса).
А было так. Пачалося з таго, што я что спыталася ў Марыі: "Вы напэўна і не ўяўляеце сабе Санту іншага, чым у чырвоным колеры?" -- "А ў якім жа яшчэ?" -- зьдзівілася яна. "А ў нас ён - у сінім. Ды й не Санта ён наагул..." -- "А прышлі мне карцінкі вашага Санты! Дык я яго выш'ю!"....
І тады я выслала ёй купу карцінак з Дзедам Марозам і напісала ягоную ''характарыстыку''.
А Марыя цалкам падала мой тэкст як уступны артыкул да сваёй работы "Grandfather Frost". Вось ён:
"Grandfather Frost насамрэч не зусім ‘Санта’. У беларускай культуры яго завуць Дзед Мароз. Ён жыве недзе далёка ў паўночным лесе і ягоная справа – гэта ‘ствараць’ зіму. У яго вялікі посах з чарадзейнай ледзяной булдавешкай. Гуляючы па лесе, Дзед Мароз стукае посахам па дрэвах, і яны адразу пакрываюцца снегам і замярзаюць. Вобраз Дзеда Мароза зыходзіць са старажытнага Духа Зімы. У цяперашні час Дзеда Мароза суправаджае ягоная ўнучка Снягурачка. На дзіцячых ранішніках яна звычайна прыходзіць папярод яго і спанукае дзяцей клікаць яго хорам: “Дзед Мароз!”, і тады зьяўляецца Дзед Мароз. Адзін за адным дзеці расказваюць яму вершыкі, спяваюць песенькі і за гэта атрымліваюць ад яго падарункі. У пераднавагоднюю ноч Дзед Мароз незаўважна прыходзіць да дзяцей дахаты і падкаладае падарункі пад навагоднюю елку, звычайна ў дзіцячыя валёнкі. У іншы час узімку Дзеда Мароза трэба асцярагацца. Ён можа быць вельмі суворым і замарозіць лядовай булдавешкай табе нос, пальцы на нагах і руках!
Гэх, якое ж было для мяне хваляваньне -- убачыць беларускага -- не Санту! -- а Дзеда Мароза! - ў нашым канадыйскім часопісе! Ваў! ))
No comments:
Post a Comment